Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
23 сакавіка 2021, 14:51

Удзел у распрацоўцы алімпійскай формы - найвышэйшае прызнанне для прадпрыемства - Гарагляд

23 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Магчымасць распрацоўкі і пашыву адзення для алімпійцаў - гэта найвышэйшае прызнанне для ўсяго калектыву прадпрыемства "Сола-Пінск", прызнаўся журналістам пасля прэзентацыі экіпіроўкі для нацыянальнай каманды Беларусі на Гульні ў Токіа дырэктар кампаніі Васіль Гарагляд, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

"Вельмі рады за наша прадпрыемства, якое змагло выканаць такі важны заказ. Для нас найвышэйшае прызнанне тое, што мы можам шыць спартыўную экіпіроўку самай высокай якасці. Не горш, чым сусветныя брэнды, - адзначыў Васіль Гарагляд. - Асноўны патарн на форме алімпійцаў уключае асноўныя ўяўленні аб нашай краіне, аб яе цудоўнай прыродзе: маляўнічых лясах, палях, рэках і яркім сонцы, таксама і аб сіле духу беларусаў, у якіх спалучаецца іх моц і ў той жа самы час дабрыня".

Паводле слоў Васіля Гарагляда, для стварэння калекцыі былі выкарыстаны сучасныя матэрыялы. Павышаная ўвага ўдзялялася зручнасці і расфарбоўцы адзення для алімпійцаў.

"Работа над калекцыяй ішла больш за год. Выкарыстоўвалі якасныя матэрыялы, удзялялі ўвагу зручнасці і расфарбоўцы. Актыўны ўдзел у стварэнні формы прымалі як дызайнеры нашага прадпрыемства, так і супрацоўнікі Нацыянальнага алімпійскага камітэта. Цяпер пакуль яшчэ няма яснасці наконт канчатковага аб'ёму вырабляемай прадукцыі. Але як толькі заказ будзе канчаткова сфарміраваны, усё будзе зроблена максімальна аператыўна", - расказаў журналістам дырэктар "Сола-Пінск".

Упершыню ў гісторыі на Гульнях XXXII Алімпіяды ў Токіа каманда Беларусі выступіць пад брэндам Team BY, які быў прадстаўлены грамадскасці ў канцы 2018 года. За аснову лагатыпа ўзяты бусел, які з'яўляецца сімвалам Беларусі, яго графічнае афармленне сімвалізуе імкненне каманды да перамог і заваявання новых вышынь.

Тeam BY - зарэгістраваны таварны знак НАК Беларусі, яго выкарыстанне, у тым ліку ў рэкламных мэтах, пабочнымі арганізацыямі дапускаецца толькі пры заключэнні ліцэнзійных дагавораў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі