Сцяг Чацвер, 2 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
14 верасня 2015, 12:18

У Мінскім паўмарафоне прынялі ўдзел больш як 400 замежных атлетаў з 36 краін

14 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Мінскім паўмарафоне прынялі ўдзел больш як 400 замежных атлетаў з 36 краін. Аб гэтым расказаў 13 верасня карэспандэнту БЕЛТА старшыня Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі (БФЛА) Вадзім Дзевятоўскі.

Усяго ў забегах на 5 км, 10 км і 21,1 км прынялі ўдзел 16 099 зарэгістраваных атлетаў. БФЛА вырабіла 19 тыс. медалёў, якія дасталіся абсалютна кожнаму зарэгістраванаму ўдзельніку. Паводле даных ГУУС Мінгарвыканкама, бегуноў, якія прынялі ўдзел у паўмарафоне, было як мінімум на 3 тыс. больш.

Высокую ацэнку арганізацыі Мінскага паўмарафону даў прэзідэнт Еўрапейскай асацыяцыі лёгкай атлетыкі Свэн Арнэ Хансэн. "Ніколі ў жыцці не бачыў, каб паўмарафон паспяхова праводзіўся з першага разу. Беларусі гэта зрабіць удалося. Як прэзідэнт Еўрапейскай асацыяцыі лёгкай атлетыкі ганаруся вамі. Правядзенне такіх маштабных спаборніцтваў, у якіх прымае ўдзел мноства дзяцей, карысна для нацыі ў цэлым. Вядома, прафесійныя атлеты былі прыкладам для астатніх удзельнікаў, і ўсе хацелі быць падобнымі да іх", - адзначыў Свэн Арнэ Хансэн.

На яго думку, з уводам у строй у Мінску спецыялізаванага стадыёна па лёгкай атлетыцы значна павялічацца шанцы Беларусі прыняць буйны міжнародны старт у гэтым відзе спорту. У Беларусі, на погляд Свэна Арнэ Хансэна, добрыя магчымасці стаць гаспадыняй чэмпіянату Еўропы 2019 года ў закрытых памяшканнях. У красавіку 2016 года ў Мінску пройдзе канферэнцыя Еўрапейскіх лёгкаатлетычных асацыяцый, што таксама сведчыць аб даверы да Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі.

Прэзідэнт Еўрапейскай асацыяцыі лёгкай атлетыкі 12 верасня таксама наведаў "Гонку легенд" у спартыўным комплексе "Раўбічы" і, з'яўляючыся па нацыянальнасці нарвежцам, быў прыемна здзіўлены веданнем яго роднай мовы трохразовай алімпійскай чэмпіёнкай Дар'яй Домрачавай.
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі