Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
11 верасня 2024, 15:39

У Магілёве стартаваў традыцыйны турнір па міні-футболе "Кубак двара" памяці М.І. Падшываленкі

11 верасня, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. У Магілёве стартаваў традыцыйны турнір па міні-футболе "Кубак двара" памяці ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, заслужанага трэнера БССР М.І. Падшываленкі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На працягу некалькіх дзён 120 дзяцей з розных школ Магілёва будуць спрачацца за званне мацнейшых. Адметная асаблівасць турніру заключаецца ў тым, што яго ўдзельнікі - гэта не прафесійныя спартсмены, а дзеці, якія любяць паганяць у футбол з сябрамі ў двары, у школе на занятках фізічнай культуры. Каманды сфарміраваны з вучняў 6-7-х класаў.

Як расказаў старшыня Магілёўскага гарадскога фізкультурна-спартыўнага клуба Віктар Шайнікаў, традыцыі праводзіць такі турнір ужо не адзін дзясятак гадоў. "Заснавальнікам турніру быў Мікалай Іванавіч Падшываленка, які прайшоў Вялікую Айчынную вайну, потым служыў у праваахоўных органах, прывіваў дзецям любоў да футбола і спорту. Цяпер мы прадаўжаем традыцыю правядзення гэтага турніру памяці такога надзвычайнага чалавека. Кожны год у пачатку верасня праходзіць наш турнір", - падкрэсліў ён.

Віктар Шайнікаў адзначыў важнасць гэтай спартыўнай падзеі для дзяцей, якія выйдуць на поле ў час турніру. Некаторыя з іх гуляюць у футбол на аматарскім узроўні, хтосьці толькі стаў займацца з трэнерам у школе. "Гэты турнір дае магчымасць прыцягнуць да спорту дзяцей і моладзь. Мы ж усе бачым, як у час канікулаў у дварах хлопцы масава гуляюць у футбол. На турніры заўсёды прысутнічаюць нашы трэнеры, каб убачыць адораных дзяцей і потым запрасіць іх ужо на трэніроўкі ў секцыі. Хто ведае, можа тут цяпер гуляюць будучыя зоркі вялікага беларускага футбола", - расказаў старшыня Магілёўскага гарадскога ФСК.

Сярод тых, хто сёння прыехаў паспрабаваць свае сілы, - каманда сярэдняй школы нумар 18 пад кіраўніцтвам настаўніка фізічнай культуры і здароўя Яўгена Фяськова. "Цікавасць да футбола ў сучаснага пакалення не прапала. Футбол быў і застаецца першай і самай папулярнай гульнёй, - падкрэсліў ён. - Трэнер дае дзецям не толькі тэхнічную базу і навыкі, але і павінен адказваць за маральны дух сваіх падапечных. Падтрымка - гэта 50 працэнтаў поспеху, асабліва яна важная для дзяцей такога невялікага ўзросту".

У сферы адукацыі Яўген Фяськоў працуе ўжо каля 20 гадоў. За гэты час ён вызначыў для сябе галоўнае крэда ў рабоце з дзецьмі: "Заўсёды павінна быць узаемаразуменне, павага. Важна падтрымліваць імкненне заўсёды быць першымі. І з такім настроем мы сёння тут".

Падтрымаць юных спартсменаў прыехалі і бацькі. Балее за свайго сына на трыбуне магіляўчанка Аліна Баранава. "Майго сына завуць Тарас, яму 11 гадоў. Ён вучыцца ў сярэдняй школе нумар 18, а футболам займаецца ў сярэдняй школе нумар 34. Хлопчык у мяне з дзяцінства спартыўны, таму мы ўдзельнічаем у спаборніцтвах не толькі па футболе. Я стараюся ездзіць на ўсе яго спаборніцтвы. Мне здаецца, любому дзіцяці важна падтрымка бацькоў. Калі атрымліваецца ў таты, ён таксама заўсёды з радасцю прыязджае падтрымаць і пабалець за сына. Тарасу ж таксама важна адчуваць, што ён не адзін, што мы за яго балеем. Ды і я заўсёды перажываю, калі ён на якіх-небудзь спаборніцтвах выступае, - адзначыла маці. - Тарас у спорце з 5 гадоў. Фізічная падрыхтоўка, на мой погляд, дзецям патрэбна, паколькі яна развівае здароўе. Яшчэ, калі паглядзець на Тараса, гэта развівае сілу волі, дысцыпліну. Ён паставіў ужо сабе мэты ў жыцці і ўпэўнена ідзе да іх".

Юны футбаліст Тарас Баранаў сёння настроены сур'ёзна. Ды і ў жыцці хлопчык, нягледзячы на юны ўзрост, ужо вызначыўся з будучым: хоча стаць прафесійным спартсменам у вольнай барацьбе. Паспрабаваць Тарас паспеў ні адзін від спорту, але вось вольная барацьба стала любімай. Футбол для яго - магчымасць яшчэ больш загартаваць характар, падтрымліваць свой фізічны стан і прадаўжаць развівацца.

"У футбол я гуляю даўно. Мне вельмі падабаецца. Я гуляю на пазіцыі нападаючага: мне падабаецца, як удар ляціць, як абводзіш іншых ігракоў, розныя фінты футбольныя рабіць. У нападаючага і характар павінен быць, - падкрэсліў хлопчык. - Мне важна, што на спаборніцтвы прыязджае мама, здорава адчуваць падтрымку. Калі гол забіваю, заўсёды шукаю маму на трыбуне, каб вось са мной яна была ў такія моманты".-0-

Фота Алега Файніцкага
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі