Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
19 лютага 2024, 18:51

У барацьбу за "Залатую шайбу" ў Гомелі ўступілі 16 хакейных каманд 

19 лютага, Гомель /Кар. БЕЛТА/. Абласныя спаборніцтвы сярод дзяцей і падлеткаў па хакеі "Залатая шайба" дывізіёна Б стартавалі 19 лютага на Лядовай арэне ў Гомелі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Свой узровень хакея прадэманструюць ігракі дзвюх узроставых груп. Каманды старэйшай, хлопцы 2008-2009 гадоў нараджэння, будуць змагацца 19-22 лютага, малодшай, 2010-2012 гадоў нараджэння, - 26-29 лютага.

Намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Аляксандр Асташонак на цырымоніі адкрыцця прывітаў удзельнікаў спаборніцтваў, судзейскі корпус і гледачоў і павіншаваў са стартам спаборніцтваў. "Гэта не першыя хакейныя баталіі ў цяперашнім сезоне - зусім нядаўна адбыліся ў групе А. Каманда Цэнтральнага раёна Гомеля прайшла на рэспубліканскі этап і будзе абараняць гонар рэгіёна ў сталіцы. Сёння на лёдзе дывізіён Б, і прадстаўніцтва добрае. Жадаю ўсім праявіць сваё майстэрства, атрыманае на трэніроўках. Няхай у прыгожай і яркай барацьбе, якая прадоўжыцца некалькі дзён, пераможа мацнейшы", - пажадаў ён.

У дывізіёне Б сустракаюцца каманды раёнаў і гарадоў, дзе няма фізкультурна-спартыўных збудаванняў са штучным лёдам. Гэтымі днямі на арэне ў Гомелі сустрэнуцца 16 каманд. Першымі пасля ўрачыстага пастраення на лёд выйшлі каманды Добруша і Лельчыц.

А ігракі з Буда-Кашалёва рыхтуюцца да свайго заўтрашняга старту. "Першая гульня 20 лютага з камандай Нараўлянскага раёна", - расказаў 15-гадовы Іван Каперзаў з Буда-Кашалёва, які гуляе ў хакей больш як два гады. Актыўны юніёр з дзяцінства захапляецца спортам, займаецца і футболам. Аднак, як прызнаўся юны спартсмен, шайба крыху бліжэй, чым мяч. "Упэўнена стаў на канькі гадоў у 12, да гэтага некалькі гадоў адточваў майстэрства каардынацыі на ролікавых каньках. Мы добра гуляем", - падзяліўся ён сваім вопытам. Іван прымае  ўдзел у "Залатой шайбе" ўжо трэці раз, раней быў яшчэ ў малодшай групе.

Гатова пазмагацца за высокае месца і каманда з Калінкавіцкага раёна. Пяць гадоў таму пры падтрымцы старшыні райвыканкама пабудавана хакейная каробка на тэрыторыі спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву нумар 2 у Калінкавічах. "Гэта зіма была па-сапраўднаму марознай, таму месяц мы каталіся сур’ёзна. Старэйшыя дзеці гуляюць ужо некалькі гадоў, каманда згуляна, таму будзем змагацца", - расказаў пра настрой юных хакеістаў інструктар-метадыст Калінкавіцкага фізкультурна-спартыўнага клуба Уладзіслаў Булаўка. Цікава згуляць з мацнейшымі камандамі. Па вопыце мінулых гадоў высокі ўзровень заяўляюць ігракі з Гомеля і Лельчыц.

"Хлопцы ў раёне ахвотна ідуць у хакей. Хацелася б больш трэніровак. Перад спаборніцтвамі асноўны ўпор рабілі на каньковую падрыхтоўку, таму што работу з клюшкай і шайбай можна адтачыць у зале ці нават дома. Трэніроўкі вельмі важныя. У гэтым відзе спорту трэба працаваць і працаваць. Гэта як за рулём аўто - пасля доўгага перапынку складана вяртаць навыкі", - з усмешкай адзначыў Уладзіслаў Булаўка.

На трыбунах Лядовага палаца - знатакі спорту, здароўя і захапляючай гульні. Гэтыя спаборніцтвы - выдатная магчымасць для захопленых хакеем праявіць сябе. Пераможца рэгіянальнага тура прадставіць Гомельскую вобласць на рэспубліканскім этапе "Залатой шайбы" і будзе змагацца за прызы Прэзідэнта Беларусі ў сталіцы.-0-

 Фота Сяргея Халадзіліна 

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі