
5 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. БЕЛТА запускае новы праект "Гульні Садружнасці". Падрыхтоўчая работа ішла вельмі актыўна: журналісты, фотакарэспандэнты, відэааператары збіралі цікавы кантэнт, звязаны з падрыхтоўкай і правядзеннем у Беларусі ІІ Гульняў краін СНД, паведамляе БЕЛТА.
"Спорт і ўсё, што з ім звязана, - гэта заўсёды цікава, - сказаў спецыяльны карэспандэнт аддзела спартыўнай інфармацыі Ігар Хадасевіч. - Мы стараемся ў гэтым праекце расказваць не толькі пра галы, ачкі і секунды, але і пра тое, хто стаіць за нашымі спартыўнымі дасягненнямі. Мы будзем расказваць пра спартсменаў, трэнераў, пра тых, хто забяспечвае надзейнае функцыянаванне спартыўных арэн. Мы падрабязна расказваем пра кожны від спорту, пры гэтым стараемся паглядзець на ўсё з самых розных ракурсаў, каб інфармацыя была цікавая не толькі спартыўнай аўдыторыі. Мы працуем для ўсіх".
Як расказала намеснік галоўнага рэдактара рэдакцыі візуальнай інфармацыі - начальнік аддзела спецыяльных праектаў Наталля Козіч, праект "Гульні Садружнасці" мае канвергентны характар, выконваючы адразу некалькі важных задач. "Па-першае, ён нясе важную сацыяльную накіраванасць - папулярызацыя масавых відаў спорту, прапаганда здаровага ладу жыцця праз канкрэтныя прыклады - дасягненні любімых спартсменаў. Па-другое, праект, выходзячы за рамкі выключна спартыўнай журналістыкі, дапамагае прааналізаваць, наколькі правільным крокам было ў свой час зрабіць акцэнт на развіцці спартыўнай інфраструктуры ў рэгіёнах".
Запуск праекта "Гульні Садружнасці" за некалькі месяцаў да спаборніцтваў, якія пройдуць у жніўні, невыпадковы. Гэта дасць магчымасць максімальна поўна расказаць, як ідзе падрыхтоўка да спаборніцтваў па ўсіх напрамках - ад рамонту аб'ектаў, дзе будуць спаборнічаць каманды, да падрыхтоўкі спартсменаў.
"Уся актуальная інфармацыя аб Гульнях агрэгатуецца на электроннай платформе games2023.belta.by, - дадала Наталля Козіч. - У мультымедыйны праект інтэграваны розныя фарматы прадстаўлення інфармацыі: відэа, фатаграфіі, тэкст. Для зручнасці карыстання інтэрфэйсам матэрыялы разбіты на блокі: навіны, інтэрв'ю, фотагалерэя. Эксклюзіўныя разгорнутыя рэпартажы аб аб'ектах Гульняў і відах спорту з унікальнымі архіўнымі фатаграфіямі прадстаўлены ў лангрыдах, якія будуць выходзіць штотыднёва да самага запуску маштабнага спартыўнага форуму. Штодзённа праект папаўняецца аператыўнай тэматычнай інфармацыяй".
Выкарыстоўваючы пры рэалізацыі праекта ўсе фарматы журналістыкі, аўтары зрабілі сваёй задачай проста і цікава паказаць важнасць і значнасць развіцця спартыўнай інфраструктуры і матэрыяльна-тэхнічнай базы спартыўных устаноў ва ўсіх рэгіёнах Беларусі.
"Гульні Садружнасці" - мультымедыйны прадукт, у які інтэграваны ўсе магчымыя фарматы падачы інфармацыі: відэа, фота, тэкст, - падкрэсліла галоўны рэдактар рэдакцыі мультымедыйных праектаў Настасся Савіцкая. - Праз унікальныя архіўныя здымкі агенцтва ў праекце будзе адлюстравана рэтраспектыва развіцця спартыўнай інфраструктуры і самога віду спорту ў кожным рэгіёне. Акрамя таго, мы ўжо выязджаем у рэгіёны, здымаем цікавыя рэпартажы аб тых аб'ектах, дзе будуць праходзіць Гульні. Мы расказваем, як і для каго будаваліся гэтыя спартыўныя аб'екты. Мы бачым, што ўсё гэта важна не толькі для вялікага спорту, спорту высокіх дасягненняў, гэта важна перш за ўсё для жыхароў рэгіёнаў, якія таксама прыходзяць сюды з карысцю правесці час".
Першы відэарэпартаж - з Брэста. У аб'ектыве - Палац водных відаў спорту, які ўжо гатовы да ІІ Гульняў краін СНД. Тут пройдуць спаборніцтвы па плаванні. "Калі мы здымалі рэпартаж пра гэты аб'ект, то чулі толькі добрыя словы. "Тут створаны выдатныя ўмовы і база", - гаварылі нам спартсмены. "Добра, што ёсць куды прывесці дзяцей", - гаварылі гараджане", - расказала ўласны карэспандэнт у Брэсце Аляўціна Чарнаволава. - Для брастаўчан будаўніцтва гэтага аб'екта стала прыемным падарункам, тым больш што шмат у чым палац проста ўнікальны. І пра гэта таксама мы расказалі ў нашым рэпартажы. Але ў нас ёсць і яшчэ адна добрая спартыўная пляцоўка. Цяпер мая калега рыхтуе рэпартаж аб спартыўным комплексе "Вікторыя", упэўнена, таксама шмат цікавага зможам пра яго расказаць".
У дні II Гульняў краін СНД праект будзе дапоўнены самай аператыўнай інфармацыяй з месцаў спаборніцтваў, будзе шмат эксклюзіўных рэпартажаў і інтэрв'ю.-0-