Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
31 мая 2021, 10:41

Турэцкі "Анадолу Эфес" упершыню выйграў баскетбольную Еўралігу

31 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Баскетбалісты турэцкага клуба "Анадолу Эфес" упершыню сталі пераможцамі Еўралігі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У фінальным паядынку ў нямецкім Кёльне стамбульская каманда ў напружанай барацьбе абыграла намінальнага фаварыта галоўнага кантынентальнага турніру іспанскую "Барселону" з розніцай пяць балаў - 86:81 (15:22, 24:14, 26:22, 21:23). Самым рэзультатыўным іграком вырашальнага матчу Еўралігі стаў сербскі легіянер "Анадолу Эфес" Васіліе Міцыч, які набраў 25 ачкоў. У паўфіналах турэцкі клуб адолеў маскоўскі ЦСКА з лікам 89:86, а "Барса" была мацнейшай за італьянскую "Алімпію" з Мілана - 84:82. У гульні за 3-е месца "Алімпія" абыграла расійскую каманду з вынікам 83:73.

На гэтым тыдні баскетбалісты ЦСКА правядуць першы матч фінальнай серыі Адзінай Лігі ВТБ - 5 чэрвеня ў Казані яны сустрэнуцца з мясцовым УНІКСам. Другі паядынак таксама пройдзе ў сталіцы Татарстана 7 чэрвеня, а 10 чэрвеня сапернікі сустрэнуцца ў Маскве. Калі пасля трох гульняў пераможца не вызначыцца, то 12 чэрвеня фіналісты зноў згуляюць у расійскай сталіцы. У выпадку неабходнасці пяты, вырашальны паядынак серыі да трох перамог адбудзецца 14 чэрвеня ў Казані.

У мінулыя гады ЦСКА і УНІКС тройчы сустракаліся ў вырашальных паядынках Адзінай лігі ВТБ і нязменна перамагалі армейцы. Баскетбалісты ЦСКА 10 разоў станавіліся пераможцамі, толькі ў 2011 годзе першае месца занялі "Хімкі". Мінулы сезон не быў дайграны да канца з-за каранавіруса.

Баскетбалісты "Цмокі-Мінск" правялі цяперашні сезон "банкаўскага" турніру няўдала: у 24 гульнях яны атрымалі ўсяго тры перамогі і занялі апошняе, 13-е, месца. Мінчане яшчэ ні разу не выходзілі ў плэй-оф гэтых спаборніцтваў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі