Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
19 лютага 2024, 19:27

Ціханцоў стаў двухразовым чэмпіёнам Еўропы па цяжкай атлетыцы 

Яўген Ціханцоў. Фота з архіва
Яўген Ціханцоў. Фота з архіва

19 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У сталіцы Балгарыі Сафіі прадаўжаецца чэмпіянат Еўропы па цяжкай атлетыцы, на якім у нейтральным статусе выступаюць беларускія спартсмены, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У панядзелак мужчыны вызначалі мацнейшых у алімпійскай катэгорыі да 102 кг. Нашу каманду ў гэтай вазе прадставілі двое атлетаў - Яўген Ціханцоў і Сяргей Шаранкоў. У першым практыкаванні больш тытулаваны Ціханцоў з другой спробы зафіксаваў штангу вагой 176 кг, а наўздагон пакарыў яшчэ і груз на пяць кілаграмаў цяжэй. Рэзультат 181 кг прынёс Яўгену малое серабро ў рыўку, апярэдзіць беларуса змог толькі армянін Гарык Карапецян (182).

Другое практыкаванне наш спартсмен пачаў з удалых падыходаў на 211 і 217 кг - падняць больш не ўдалося нікому з сапернікаў. Такім чынам, Ціханцоў стаў уладальнікам золата ў штуршку і, што самае галоўнае, пераможцам турніру ў дваябор'і з сумай 398 кг. Ужо ў рангу чэмпіёна Еўропы Яўген ажыццявіў спробу на 225 кг, якая павярнулася няўдачай. Серабро па суме заваяваў Самвел Гаспаран з Арменіі (396 кг), Карапецян фінішаваў трэцім (394 кг).

Трыумф на кантынентальным форуме стаў для Яўгена Ціханцова другім пасля поспеху ў 2019 годзе, таксама ў яго актыве ёсць золата і бронза ў дваябор'і на чэмпіянатах свету. Блізкі да медалёў сёння быў яшчэ адзін наш атлет - Сяргей Шаранкоў. Беларус паказваў чацвёртыя вынікі ў абодвух практыкаваннях, увогуле Шаранкоў набраў 390 кг (178+212) і размясціўся на чацвёртай пазіцыі фінальнага пратакола сярод 19 удзельнікаў.

За дзень да заканчэння спаборніцтваў у Балгарыі на рахунку беларускай дэлегацыі тры ўзнагароды ў дваябор'і (1-1-1), а таксама восем малых медалёў у асобных практыкаваннях (2-2-4). Заўтра за прызы ў вагавой катэгорыі звыш 109 кг будзе змагацца наш Эдуард Зязюлін. Усяго кантынентальны форум у Сафіі сабраў больш за 350 спартсменаў з 42 краін. Гэты турнір - адзін з кваліфікацыйных стартаў, на якіх фарміруецца сусветны рэйтынг для ўдзелу ў Алімпійскіх гульнях 2024 года ў Парыжы.-0- 

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі