Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
10 красавіка 2019, 16:38

Стаў вядомы склад тэніснай зборнай Беларусі на матч 1/2 фіналу Кубка Федэрацый з Аўстраліяй

10 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Капітаны жаночых тэнісных зборных Беларусі і Аўстраліі назвалі склады на паўфінальны матч Кубка Федэрацый, які адбудзецца 20-21 красавіка ў горадзе Брысбен, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Капітан беларускай каманды Таццяна Пучак разлічвае на Арыну Сабаленка (10-ы нумар сусветнага рэйтынгу), Аляксандру Сасновіч (35), Вікторыю Азаранка (60), Веру Лапко (65) і Лідзію Марозаву, якая займае 42-е месца ў парным рэйтынгу.

Лідарам аўстраліек будзе дзявятая ракетка свету Эшлі Барці. Акрамя яе капітан каманды Алісія Молік запрасіла на матч з беларускамі Дар'ю Гаўрылаву (58-ы нумар рэйтынгу WTA), Саманту Стосур (58) і Прысцылу Хон (130).

У чвэрцьфінале цяперашняга турніру зборная Беларусі не пакінула шанцаў на поспех камандзе Германіі, абыграўшы яе ў Браўншвейгу з лікам 4:0. Аўстралійскія тэнісісткі ва ўпартай барацьбе ў амерыканскім горадзе Эшвіл узялі верх над камандай ЗША - 3:2. Зборныя Беларусі і Аўстраліі яшчэ ні разу не сустракаліся паміж сабой у Кубку Федэрацый. У камандным сусветным рэйтынгу Беларусь займае цяпер 3-е месца, Аўстралія знаходзіцца на 6-й пазіцыі. Тэнісісткі Аўстраліі сем разоў выйгравалі Кубак Федэрацый, праўда, апошні іх трыумф датаваны 1974-м годам. Вышэйшым дасягненнем беларусак з'яўляецца выхад у фінал 2017 года, у якім яны ўступілі ў Мінску камандзе ЗША - 2:3.

Пераможца матчу Аўстралія - Беларусь у фінале сустрэнецца з пераможцам другога паўфіналу, у якім каманда Францыі прыме ў Руане тэнісістак Румыніі. Фінальны матч пройдзе 9-10 лістапада на арэне аднаго з фіналістаў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі