Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
06 жніўня 2020, 15:54

Шасцю матчамі групавога этапу стартуе Кубак Салея-2020 па хакеі

6 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Шасцю матчамі ў Жлобіне, Салігорску, Гомелі, Маладзечне, Магілёве і Оршы сёння стартуе групавы этап Кубка Салея-2020 па хакеі на лёдзе, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

На гэтым этапе турніру, які да 2013 года называўся Кубкам Беларусі, барацьбу павядуць 14 клубаў, падзеленых на дзве групы. Пуцёўкі ў фінальны раўнд дастануцца толькі дзвюм дружынам, якія зоймуць у сваіх сямёрках першыя месцы.

Каманды групы А выйдуць на лёд у 17.45. Жлобінскі "Металург" згуляе з "Авіятарам" (Баранавічы), а салігорскі "Шахцёр" паспрачаецца за перамогу з наваполацкім "Хімікам". Бітвы лядовых дружын гэтай сямёркі прадоўжацца ў 19.00 паядынкам хакеістаў "Гомеля" і "Віцебска".

У групе В "Дынама-Маладзечна" прыме выклік юніёрскай зборнай Беларусі (U-18), "Магілёў" згуляе з "Лідай", а "Лакаматыў" (Орша) памераецца сіламі з "Пінскімі ястрабамі". Пачатак гульняў - 19.00.

Туры Кубка Салея будуць праводзіцца па аўторках, чацвяргах і суботах. Заключны намечаны на 22 жніўня. Пасля завяршэння групавога этапу каманд чакае тыднёвы перапынак.

Вырашальны раўнд Кубка Салея адбудзецца 29-30 жніўня ў фармаце "Фіналу чатырох". У першы дзень гэтай стадыі турніру пераможцы групавой стадыі сустрэнуцца са сталічнымі "Юнацтвам" і "Дынама". На наступны дзень адбудуцца матчы за 3-е месца і вырашальны паядынак.

Месца правядзення "Фіналу чатырох" будзе вызначана пасля заканчэння групавога раўнда турніру. Вырашальныя паядынкі прыме адна з дружын квартэту, якая будзе аспрэчваць ганаровы трафей.

Дзеючы пераможца Кубка Салея - мінскае "Юнацтва". Год таму ў спрэчцы за тытул мінскія хакеісты абыгралі "Дынама-Маладзечна" з лікам 3:2. Сталічная дружына стала рэкардсменам турніру, запісаўшы на свой рахунак шэсць перамог.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі