Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
20 сакавіка 2020, 14:25

Сенсацыя на старце чэмпіянату Беларусі: футбалісты БАТЭ ўступілі "Энергетыку-БДУ"

20 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты "Энергетыка-БДУ" сенсацыйна перамаглі БАТЭ з лікам 3:1 у стартавым матчы 30-га чэмпіянату Беларусі. Аўтарам першага гола юбілейнага першынства стаў навабранец мінчан узбекскі паўабаронца Джасурбек Яхшыбаеў, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У першым тайме сустрэчы ў Мінску невялікая перавага была на баку барысаўчан, але выйсці наперад яны не змаглі. Затое гаспадары двойчы здолелі дабіцца поспеху: на 27-й мінуце сустрэчы Джасурбек Яхшыбаеў забіў свой першы мяч, а яшчэ праз 7 мінут аформіў галявы дубль.

Пасля перапынку госці адразу пайшлі наперад, стварылі некалькі небяспечных момантаў, і на 64-й мінуце гульні Максім Скавыш адквітаў адзін мяч. Аднак гэта быў адзіны поспех падапечных Кірыла Альшэўскага. Больш таго, захапіўшыся нападзеннямі, яны на 84-й мінуце прапусцілі востры контрвыпад, і яшчэ адзін навічок "энергетыкаў" чарнагорскі паўабаронца Душан Бакіч забіў трэці гол.

Пазней на поле салігорскага стадыёна "Будаўнік" завершыцца матч паміж бронзавым прызёрам нацыянальнага першынства - мясцовым "Шахцёрам" і жодзінскім "Тарпеда-БелАЗам". У мінулым сезоне салігорская каманда двойчы перамагла жодзінцаў - 3:0 (дома) і 1:0 (у гасцях). На старце цяперашняга сезона сапернікі сустрэліся ў чвэрцьфінале розыгрышу Кубка краіны, і зноў "Шахцёр" быў мацнейшы - 2:0 (дома) і 1:0 (у гасцях).

Дзеючыя чэмпіёны краіны футбалісты брэсцкага "Дынама" свой стартавы матч новага першынства праводзяць 20 сакавіка на сваёй арэне супраць "Смалявіч". Таксама ў пятніцу мінскае "Дынама" прымае ў сябе дома дэбютанта вышэйшай лігі брэсцкі "Рух".

Яшчэ дзве сустрэчы першага тура адбудуцца 21 сакавіка: "Віцебск" - "Гарадзея", "Іслач" (Мінскі раён) - "Нёман" (Гродна). Заключныя гульні пройдуць 22 марта: "Слуцк" - "Славія" (Мазыр), "Белшына" (Бабруйск) - "Мінск".

У вышэйшай лізе чэмпіянату Беларусі выступаюць 16 каманд, якія правядуць двухкругавы турнір з матчамі дома і ў гасцях. Фінішуе першынство ў пачатку снежня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі