Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
22 сакавіка 2021, 14:26

Сёння спаўняецца 30 гадоў НАК Беларусі

22 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сёння спаўняецца 30 гадоў з таго моманту, як у 1991 годзе на ўстаноўчай канферэнцыі ў Мінску быў створаны Нацыянальны алімпійскі камітэт Беларускай ССР, які пасля набыцця незалежнасці краіны стаў Нацыянальным алімпійскім камітэтам Рэспублікі Беларусь, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе арганізацыі.

З архіўных дакументаў вынікае, што на ўстаноўчай канферэнцыі 268 дэлегатаў заслухалі даклад падрыхтоўчага камітэта. Першым прэзідэнтам НАК Беларусі выбраны старшыня Дзяржкамспорту БССР Уладзімір Мікалаевіч Рыжанкоў. Першым віцэ-прэзідэнтам - трохразовы алімпійскі чэмпіён па вольнай барацьбе Аляксандр Мядзведзь, віцэ-прэзідэнтамі - намеснік старшыні Дзяржкамспорту БССР Віктар Пуцькоў і старшыня БФСТ "Дынама" Канстанцін Платонаў.

Віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Віктар Пуцькоў пазней адзначаў, што дакументы па рэгістрацыі новай спартыўнай арганізацыі даводзілася рабіць з чыстага ліста. Дзяржкамспорту БССР даводзілася перакладаць з англійскай мовы статут. Незнаёмая лексіка, юрыдычныя тонкасці - гэта толькі малая частка, з чым давялося сутыкнуцца пры ўтварэнні НАК Беларусі.

9 сакавіка 1992 года НАК Беларусі прызнаны Міжнародным алімпійскім камітэтам у якасці часовага члена гэтай арганізацыі. Менш як праз месяц, 6 красавіка, адбылася гістарычная падзея: з візітам у Мінск прыбыў прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Хуан Антоніа Самаранч.

Важнай для беларускага спорту з'яўляецца 101-я сесія МАК, якая прайшла 21-25 верасня 1993 года ў Манака. На гэтай сесіі НАК Беларусі стаў паўнапраўным членам сусветнай алімпійскай сям'і. Рэспубліка Беларусь атрымала права дэлегаваць на Алімпійскія гульні сваю нацыянальную каманду.

Упершыню беларускія спартсмены выступілі самастойнай дружынай на Алімпійскіх гульнях у 1994 годзе. Гэта гістарычная падзея адбылася на зімовых Гульнях у Лілехамеры (Нарвегія). Беларускімі атлетамі тады было заваявана дзве сярэбраныя ўзнагароды. Вызначыліся Ігар Жалязоўскі (канькабежны спорт) і Святлана Парамыгіна (біятлон).

Першы залаты медаль Алімпіяды ў гісторыі незалежнай Беларусі заваявала Кацярына Карстэн (Хадатовіч). Адбылося гэта 28 ліпеня 1996 года ў Атланце (ЗША).

Пасля стварэння Нацыянальнага алімпійскага камітэта спартсмены краіны выступілі на 13 Алімпійскіх гульнях - 7 зімовых і 6 летніх. Чэмпіёнамі і прызёрамі Гульняў сталі 128 беларускіх спартсменаў. Яны заваявалі 96 алімпійскіх медалёў: 20 залатых, 32 сярэбраныя і 44 бронзавыя. Беларусь па праву ўваходзіць у лік вядучых сусветных спартыўных дзяржаў.

Важная вяха ў развіцці беларускага спорту - выбранне прэзідэнтам НАК Аляксандра Лукашэнкі. Гэта адбылося 15 мая 1997 года.

"Мною валодала жаданне захаваць усё лепшае, што назапашана ў спорте ў рэспубліцы за гады яе ўдзелу ў міжнародным алімпійскім руху", - сказаў пазней Прэзідэнт краіны.

З выбраннем Аляксандра Лукашэнкі на гэту пасаду спартыўнае жыццё ў краіне атрымала новы магутны імпульс. Умацавалася матэрыяльна-тэхнічная база спорту. Рэканструяваны цэнтральныя стадыёны, алімпійскія спартыўныя комплексы. Заснаваны імянныя стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Далейшае развіццё атрымалі алімпійскія віды спорту: хакей, біятлон, футбол, лёгкая атлетыка, бокс, веславанне акадэмічнае, тэніс, цяжкая атлетыка і іншыя. Створаны неабходныя ўмовы для развіцця масавай фізічнай культуры, дзіцячага, юнацкага спорту, росту майстэрства беларускіх спартсменаў.

За вялікі ўклад у развіццё спорту і алімпійскага руху на пасадзе Прэзідэнта НАК Аляксандр Лукашэнка ўзнагароджаны двума спецыяльнымі прызамі Міжнароднага алімпійскага камітэта.

З 2013 года Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь атрымаў новую штаб-кватэру. Будынак лічыцца адным з самых цікавых архітэктурных збудаванняў. Менавіта адсюль, пачынаючы з 2014 года, адпраўляюцца на галоўныя старты чатырохгоддзя беларускія алімпійцы.

За 30 гадоў з моманту ўтварэння НАК істотна змянілася і палепшылася спартыўная база. У Беларусі функцыянуюць больш за 23 000 фізкультурна-спартыўных збудаванняў.

Для прафесійных спартсменаў і аматараў у Беларусі даступны спарткомплексы сусветнага класа: нацыянальны алімпійскі стадыён "Дынама", шматфункцыянальны спартыўна-відовішчны комплекс "Мінск-Арэна", шматфункцыянальны культурна-спартыўны і забаўляльны комплекс "Чыжоўка-Арэна", алімпійскія комплексы "Раўбічы" і "Стайкі", палац спорту "Уручча", рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі па вяслярных відах у Заслаўі, вяслярны канал у Брэсце, рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі ў Ратамцы, стралковы комплекс імя маршала Цімашэнкі і многія іншыя.

У Мінску ўведзены ў строй вучэбна-трэніровачны цэнтр фрыстайла са спартыўна-аздараўленчым комплексам, тэхнічны цэнтр нацыянальных зборных каманд па футболе. У кожным абласным цэнтры створаны палацы спорту, крытыя лядовыя пляцоўкі. Адкрыліся фізкультурна-аздараўленчыя комплексы ў Беразіне, Брэсце, Барысаве, Валожыне, Касцюковічах, Стоўбцах, Століне, Чэрвені, Ушачах, Раўбічах, Краснаполлі. Пабудаваны спартыўны комплекс для гульнявых відаў спорту з лыжаролернай трасай у Оршы, стадыёны ў Баранавічах, Лідзе, Барысаве, Івацэвічах, лядовая арэна ў Шклове.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі