Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
22 верасня 2022, 11:49

Рэспубліканскія спаборніцтвы ў Оршы збяруць лёгкаатлетаў з Расіі, Літвы і Арменіі

22 верасня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Рэспубліканскія лёгкаатлетычныя спаборніцтвы "Аршанскі паўмарафон" збяруць спартсменаў і аматараў бегу з Беларусі, Расіі, Літвы і Арменіі. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў аддзеле спорту і турызму Аршанскага райвыканкама.

Забегі адбудуцца днём 24 верасня, удзельнікі будуць стартаваць на вуліцы Леніна. Пазмагацца за першае месца на дыстанцыях 7 і 21 км змогуць усе жадаючыя, якія падалі заяўкі на сайце Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. Акрамя яе сярод арганізатараў паўмарафону - Міністэрства спорту і турызму і Аршанскі раённы выканаўчы камітэт.

Да забегу на 7 км змогуць далучыцца лёгкаатлеты ва ўзросце ад 10 гадоў, а пераадолець адлегласць 21 км - спартсмены ад 15 гадоў. Акрамя таго, зусім юных удзельнікаў разам са сваякамі будуць чакаць на сямейным забегу на прызы мясцовай газеты, хлопчыкаў і дзяўчынак 8-13 гадоў запросяць на эстафету. Раней падчас Аршанскага паўмарафону для школьнікаў праводзілі толькі масавыя старты. На думку арганізатараў, эстафета зробіць спаборніцтвы больш разнастайнымі, цікавымі і відовішчнымі. Школа, якая зойме першае месца ў агульнакамандным заліку, атрымае пераходны кубак старшыні Аршанскага райвыканкама.

Паводле даных аддзела спорту і турызму, на ўдзел у асноўных забегах падалі ўжо заяўкі больш за 200 чалавек. Гэта жыхары беларускіх гарадоў, а таксама расійскіх Масквы, Санкт-Пецярбурга, літоўскага Вільнюса і армянскага Мараліка. Рэгістрацыя на Аршанскі паўмарафон завершыцца за дзень да стартаў, 23 верасня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі