Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
10 сакавіка 2021, 10:35

"Порту" і "Барусія" сталі першымі чвэрцьфіналістамі футбольнай Лігі чэмпіёнаў

10 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Першымі ўдзельнікамі чвэрцьфінальнай стадыі футбольнай Лігі чэмпіёнаў сталі "Порту" і дортмундская "Барусія", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Пасля гасцявога паражэння ад партугальскага "Порту" (1:2) футбалісты "Ювентуса" ў Турыне ў паядынку ў адказ 1/8 фіналу перамаглі ў асноўны час з такім жа рэзультатам. На 19-й мінуце госці адкрылі лік з пенальці пасля дакладнага ўдару Сержыа Алівейры, а ў другім тайме гаспадары змаглі пераламаць ход паядынку, і Федэрыка К'еза двойчы паразіў вароты "Порту". У дадатковы час Сержыа Алівейра забіў свой другі мяч, а потым Адрыен Раб'ё вывеў "Ювентус" наперад, але перамогі з лікам 3:2 турынцам не хапіла - за кошт двух мячоў, забітых на чужым полі, далей ідзе партугальская дружына.

У Дортмундзе "Барусія" згуляла ўнічыю з іспанскай "Севільяй" - 2:2. У першым тайме гаспадароў вывеў наперад лепшы бамбардзір гэтага сезона ЛЧ Эрлінг Холан, а пасля перапынку ён жа забіў свой другі гол. Цяпер у яго актыве стала 10 мячоў. Прапусціўшы два мячы, госці не здаліся, і свой галявы дубль аформіў Юсеф Эн-Несіры: на 69-й мінуце ён рэалізаваў пенальці, а за мінуту да фінальнага свістка вызначыўся другі раз. У першай сустрэчы гэтых сапернікаў футбалісты нямецкага клуба перамаглі іспанскую каманду на яе полі з рэзультатам 3:2.

Яшчэ дзве гульні ў адказ 1/8 фіналу чэмпіёнскай Лігі адбудуцца сёння вечарам: "Пары Сен-Жэрмен" (Францыя) - "Барселона" (Іспанія, рэзультат першага матчу - 4:1); "Ліверпуль" (Англія) - "Лейпцыг" (Германія, 2:0).

Астатнія паядынкі за выхад у чвэрцьфінал пройдуць на наступным тыдні:

16 сакавіка

"Манчэстэр Сіці" (Англія) - "Барусія" (Менхенгладбах, Германія; рэзультат першага матчу - 2:0), "Рэал" (Мадрыд, Іспанія) - "Аталанта" (Бергама, Італія; 1:0)

17 сакавіка

"Чэлсі" (Лондан, Англія) - "Атлетыка" (Мадрыд, Іспанія; 1:0), "Баварыя" (Мюнхен, Германія) - "Лацыа" (Рым, Італія; 4:1).-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі