Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
15 лютага 2021, 14:44

Петрышэнка: для развіцця біятлона ў Беларусі створаны каля 14 цэнтраў

15 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. За апошнія гады ў Беларусі створаны каля 14 цэнтраў развіцця біятлона. Гэты від спорту ў нашай краіне актыўна развіваецца, і заняткі ім выбіраюць для сябе ўсё больш маладых людзей. Аб гэтым заявіў 14 лютага намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка, вітаючы пераможцаў і прызёраў фінальнага этапу рэспубліканскіх стартаў сярод дзяцей і падлеткаў па біятлоне "Снежны снайпер" на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, які завяршыўся ў РЦАП па зімовых відах спорту "Раўбічы", перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Біятлон для Беларусі вельмі важны від спорту. Ён актыўна развіваецца. У нашай краіне за апошнія два-тры гады для дзяцей створаны выдатныя ўмовы, і ўсё больш хлопчыкаў і дзяўчынак прыходзяць у секцыі. Карыстаючыся выпадкам, віншую ўсіх айчынных аматараў біятлона з бронзавым медалём чэмпіянату свету, які заваявала Ганна Сола. Гэта знамянальны вынік для нашай зборнай. Спадзяюся, яе прыклад яшчэ больш натхніць хлопчыкаў і дзяўчынак займацца спортам. "Снежны снайпер" - знакавыя спаборніцтвы. Думаю ў далейшым іх прэстыж будзе ўзрастаць. Прапрацоўваем пытанне, каб прыцягваць да ўдзелу ў ім не толькі хлопчыкаў і дзяўчынак з нашай краіны, але і суседзяў з Расійскай Федэрацыі", - адзначыў намеснік прэм'ер-міністра.

Ён падкрэсліў, што праблемы развіцця фізічнай культуры заўсёды знаходзяцца ў цэнтры ўвагі кіраўніцтва Беларусі. У адпаведнасці з праграмай развіцця ўдасканальваецца матэрыяльна-тэхнічная база, будуюцца новыя аб'екты. Грамадзян краіны актыўна стымулююць займацца ўласным здароўем, падтрымліваць яго ў належным выглядзе, каб яны менш звярталіся да ўрачоў.

"Для заняткаў фізічнай культурай і спорту створаны ўсе ўмовы. Намі пастаянна ўдасканальваецца матэрыяльна-тэхнічная база. Будуюцца новыя спартыўныя аб'екты. Па загадзе кіраўніка дзяржавы мы аднавілі ўласную вытворчасць лыж, 35 тыс. пар якіх закуплена для ўстаноў адукацыі. Радуе, што ўсё больш беларусаў выбіраюць для сябе здаровы лад жыцця. Паводле статыстычных даных за мінулы год, у краіне 25,3 працэнта насельніцтва займаюцца фізкультурай і спортам. Мы плануем узняць гэтыя паказчыкі да 30 працэнтаў, а лепш будзем выходзіць на 50%-ы ахоп насельніцтва. Здаровая нацыя павінна займацца фізічнай культурай і спортам. Гэта было падкрэслена на VI Усебеларускім народным сходзе. Менавіта на гэтым акцэнтаваў сваю ўвагу ў сваім дакладзе і кіраўнік дзяржавы. Важна, каб любоў да спорту і здаровага ладу жыцця прывівалася нашым грамадзянам ужо з ранняга дзяцінства", - рэзюмаваў Ігар Петрышэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі