Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
04 лютага 2022, 16:57

Петрышэнка: чакаем ад беларускіх спартсменаў дастойных вынікаў на Алімпіядзе ў Пекіне

4 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Чакаем ад беларускіх спартсменаў дастойных вынікаў на Алімпіядзе ў Пекіне. Аб гэтым сказаў сёння журналістам намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка перад падагульняючай калегіяй Міністэрства спорту і турызму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Вельмі важна, што падагульняючае пасяджэнне калегіі па выніках работы за 2021 год супала з датай адкрыцця Алімпіяды, дзе нашу краіну прадстаўляюць 29 спартсменаў. Мы за іх будзем балець, перажываць, чакаць дастойных вынікаў, на якія яны здольны. І спартыўная падрыхтоўка, і ўдача павінны прынесці тую колькасць медалёў, на якую мы разлічваем", - падкрэсліў Ігар Петрышэнка.

Паводле слоў віцэ-прэм'ера, 2021 год быў даволі насычаным. У прыватнасці, беларуская каманда прыняла ўдзел у летняй Алімпіядзе ў Японіі. "Вынікі падведзены, задачы пастаўлены. Мы прааналізуем, як выконваюцца ўстаноўкі кіраўніка дзяржавы па відах спорту, па пытаннях, звязаных з аптымізацыяй фінансавання. Вынік павінен быць у спорту высокіх дасягненняў. Акрамя таго, будзе прааналізавана работа федэрацый, - сказаў ён. - Мы павінны зладжана рэалізаваць тыя задачы, якія стаяць перад галіной, у тым ліку звязаныя са спортам высокіх дасягненняў, уключэннем, падрыхтоўкай рэзерву, а таксама ўзаемадзеяннем Міністэрства спорту і турызму з Міністэрствам адукацыі".

Намеснік прэм'ер-міністра падкрэсліў: важна развіваць і папулярызаваць розныя віды спорту. Сярод насельніцтва краіны трэба папулярызаваць здаровы лад жыцця, заняткі фізкультурай, стымуляваць цікавасць дзяцей да спорту. "У нас ёсць сістэма, яна адладжана. Далей мы будзем яе толькі ўдасканальваць", - дадаў ён.

Таксама на пасяджэнні калегіі будуць разгледжаны пытанні турыстычнай галіны. "У мінулым годзе значна актывізаваўся ўнутраны турызм. Падцягваецца і наша інфраструктура, але яшчэ не ўсё ёсць у рэзерве, таму будзем аналізаваць усе гэтыя моманты", - адзначыў Ігар Петрышэнка.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі