Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
19 ліпеня 2024, 12:54

Першы, неспадзяваны, доўгачаканы. Расказваем пра медалі беларусаў на Алімпійскіх гульнях

З часоў атрымання незалежнасці Беларусі нашы спартсмены заваявалі ў агульнай колькасці 85 алімпійскіх медалёў рознай вартасці. Сярод іх былі і чаканыя, і сенсацыйныя. Незадоўга да старту Алімпійскіх гульняў у Парыжы ўспамінаем самыя важныя выступленні айчынных спартсменаў у гісторыі суверэннага беларускага алімпійскага руху.

Першая ў гісторыі суверэннай Беларусі: шлях да Алімпу Кацярыны Карстэн

У акадэмічнае веславанне яна прыйшла ва ўзросце 15 гадоў. І трапіла ў многім выпадкова. У 1987 годзе спецыяліст Анатоль Квяткоўскі разаслаў у спартыўныя камітэты Мінскай вобласці пісьмы з мэтай знайсці рослых школьнікаў. І атрымаў адказ з Крупскага раёна.

Карстэн (на той момант Хадатовіч) прагрэсіравала шалёнымі тэмпамі. Ужо ў 1990-м у складзе савецкай каманды яна стала чэмпіёнкай свету сярод юніёрак. Праз год - бронза дарослага першынства ў пары. А яшчэ праз год у чацвёрцы парнай скарбонка Кацярыны папоўнілася першай алімпійскай бронзавай узнагародай.

Але далей здарыўся крызіс. Пасля распаду СССР умовы падрыхтоўкі ў Беларусі пагоршыліся. Кацярына нават падумвала перайсці ў каманду Расіі. Пытанне, праўда, удалося ўрэгуляваць. Удалае выступленне на чэмпіянаце свету 1995 года прынесла ёй алімпійскую ліцэнзію.

Галоўнымі фаварытамі Алімпіяды ў Атланце лічыліся канадка Сілкен Лаўман і датчанка Трынэ Хансэн. Але і Карстэн была не лыкам шыта. У заездах яна скарысталася псіхалагічнымі трукамі. Так, у паўфінале незадоўга да фінішу яна сымітавала стомленасць. А ў фінале на гэтым жа месцы наадварот паскорылася і выйграла ў бліжэйшай канкурэнткі амаль 3 секунды. Гэта перамога прынесла першую залатую ўзнагароду ў гісторыі суверэннай Беларусі на летніх Алімпіядах.

Праз чатыры гады Карстэн пацвердзіла статус чэмпіёнкі. А ў 2004 і 2008 гг. заваявала, адпаведна, серабро і бронзу. Кар'еру Кацярына Картсэн завяршыла толькі ў 2019 годзе ва ўзросце 47 гадоў.

"Белая маланка" над Афінамі: цуд Юліі Несцярэнка

Магчыма, менавіта гэта перамога стала самай нечаканай у гісторыі незалежнай Беларусі. Стаметроўка на любых Гульнях - дыстанцыя элітная. Ці нават каралеўская. Больш таго, медальныя разборкі ў гэтым відзе праходзяць, як правіла, паміж прадстаўнікамі амерыканскіх краін або дзяржаў Карыбскага басейна. І з'яўленне на троне беларускі стала нават не сенсацыяй - сапраўднай рэвалюцыяй. На той момант Несцярэнка стала першай за пяць Гульняў беласкурай спартсменкай, якая перамагла на гэтай дыстанцыі. Але ўсё па парадку.

Юлія Несцярэнка - ураджэнка Брэсцкай вобласці. У спорт прыйшла яшчэ школьніцай. Спрынтарам стала далёка не адразу, ёй падабаліся і іншыя лёгкаатлетычныя дысцыпліны. Але ў канчатковым выніку выбрала менавіта бег на кароткія дыстанцыі. Паступова беларуска стала паказваць нядрэнныя рэзультаты, асабліва ў бегу на 60 м.

У 2003-м беларуска пачала падрыхтоўку да Алімпіяды. Паступова беларуска набірала форму. У пачатку 2004 года прайшла ў фінал чэмпіянату свету ў бегу на 60 м, дзе заваявала бронзу. У фаварыты Алімпіяды, праўда, яе запісваць усё роўна не спяшаліся. Хоць перад Гульнямі Юлія паспела заявіць пра сябе, атрымаўшы чатыры перамогі на розных міжнародных турнірах.

Ускосна дапамагло і тое, што многія фаварыты да Гульняў не даехалі. Аднак нават у такім выпадку Несцярэнка бачылася ў другім-трэцім бегавым эшалоне. У нейкай ступені гэта было на руку: меншы груз адказнасці і ўвагі ад саперніц.

Кваліфікацыю Несцярэнка прайшла роўна. А ў фінале адбыўся сапраўдны цуд. З вынікам 10.93 Юлія атрымала адну з самых гучных перамог не толькі на той Алімпіядзе, але, магчыма, і ў гісторыі сучасных Гульняў таксама.

На жаль, золата Афін так і засталося ў кар'еры Юліі Несцярэнка адзіным сапраўды вялікім дасягненнем, далей адбыўся шэраг траўм і іншых здарэнняў. Менш каштоўнай узнагарода, урэшце, ад гэтага не становіцца.

Даўжынёй дзясяткі гадоў: залатая дарога Сяргея Мартынава

Назваць стральбу відовішчным відам спорту даволі складана. Тут цэняцца іншыя якасці: упартасць, спакой і ўменне трымаць сябе ў руках. Гэтымі якасцямі спаўна валодае Сяргей Мартынаў - першы ў гісторыі Беларусі алімпійскі чэмпіён у стралковых відах спорту.

Упершыню наш праслаўлены стралок, які спецыялізаваўся на стральбе з вінтоўкі ў становішчы лежачы на дыстанцыі 50 м, паўдзельнічаў у Гульнях яшчэ ў складзе зборнай СССР - у 1988 годзе. Паступова рэзультаты раслі, з'яўляліся медалі ў асабістым і камандным заліку першынстваў свету і Еўропы. Не пакаралася толькі Алімпіяда, хоць і там медалі былі. Так, Мартынаў заваяваў па бронзе ў 2000 і 2004 гадах.

Уэшце, намаганні і ўпартасць Сяргея былі ўзнагароджаны. На Алімпіяду ў Лондан у 2012 годзе Мартынаў ехаў у якасці супервопытнага спартсмена і ў ролі аднаго з фаварытаў. І свой статус ён пацвердзіў, выбіўшы самы лепшы рэзультат сярод сапернікаў.

На наступную Алімпіяду Мартынаў паехаў у якасці трэнера. І нават павінен быў несці на цырымоніі адкрыцця сцяг нашай краіны. Праўда, па правілах Гульняў, гэта павінен рабіць дзеючы атлет. Сёння Мартынаў прадаўжае трэнерскую дзейнасць у нацыянальнай зборнай краіны.

Гейм, сэт, матч: залатая сінергія Азаранка і Мірнага

Алімпіяда для тэніса - не самы рэйтынгавы турнір. Тым не менш многія топы сусветных рэйтынгаў не адмаўляюцца зазірнуць на алімпійскі агеньчык. У 2012 годзе ў гэтым відзе спорту нашым спартсменам пакарыліся адразу два медалі. У адзіночным разрадзе бронзу заваявала Вікторыя Азаранка. Наперадзе заставаліся спаборніцтвы ў міксце, дзе яна гуляла ў пары з праслаўленым Максімам Мірным. На той час абодва тэнісісты ўжо былі прызнанымі майстрамі сваёй справы.

Дарога да фіналу для нашага дуэта была не самай цяжкай. Аднак сама вырашальная сустрэча пачалася трывожна. Яшчэ ў першай партыі беларусы адпусцілі англійскую пару ў складзе Лаўры Робсан і Эндзі Марэя на чатыры геймы, тым самым праваліўшы і ўступіўшы першую партыю - 2:6. Другая партыя выдалася лепш. Выйграныя спачатку некалькі ачкоў прадвызначылі перамогу - 6:3. У фінальнай партыі беларускі тандэм перамог з лікам 10:8.

Дзясятак медалёў: неверагоднае выступленне Віталя Шчэрбы

У 1992 годзе беларускія спартсмены паехалі на Алімпійскія гульні ў Барселону ў складзе Аб'яднанай каманды. Адным з удзельнікаў стаў гімнаст Віталь Шчэрба. На той момант спартсмен ужо меў россып узнагарод розных кантынентальных і сусветных першынстваў і абсалютна справядліва лічыўся адным з фаварытаў Гульняў.

Эксперты і балельшчыкі разлічвалі на адзін-два медалі. Але тое, што зрабіў Шчэрба, не паддаецца ніякаму тлумачэнню. Толькі за адзін спаборніцкі дзень ён заваяваў чатыры залатыя медалі - гэта ўнікальнае дасягненне ў гісторыі спорту. Усяго ж з той Алімпіяды Шчэрба прывёз шэсць узнагарод вышэйшай пробы. Толькі двум спартсменам у свеце ўдалося выйграць больш залатых узнагарод на адных Гульнях - плыўцам Марку Спітцу і Майклу Фелпсу.

Дасягненне Шчэрбы пазней адзначыў Міжнародны алімпійскі камітэт - беларуса ўзнагародзілі прызам Джэсі Оўэнса як лепшага спартсмена года. Яшчэ паўтара года пасля Барселоны Віталь не прайграў ні аднаго старту.

Яшчэ чатыры медалі Шчэрба выйграў у 1996 годзе. Праўда, усе яны былі бронзавай вартасці.

Золата ў "кітайскім" відзе: прарыў Уладзіслава Ганчарова

Скачкі на батуце і іншыя віды спорту, дзе робіцца ўпор на выкананні візуальных элементаў, традыцыйна з'яўляецца вотчынай кітайскіх спартсменаў. Канкурэнцыя там настолькі вялікая, што за межы подыума можна выпасці нават за мінімальную памылку. На Алімпіядзе ў Рыа-дэ-Жанэйра беларуская зборная заваявала толькі адзін залаты медаль. Але які…

У фінале бітва разгарнулася паміж двума кітайцамі і беларусам. Вопытны прадстаўнік паднябеснай Донг Донг сваю праграму выканаў практычна ідэальна, але Уладзіслаў справіўся яшчэ лепш, забяспечыўшы сабе як мінімум серабро. Зала замерла ў чаканні выступлення Гаа Лэя. Кітаец заявіў звышскладаную праграму, ідучы ва-банк. Але яго падвяла тэхніка.
Уладзіслаў Ганчароў стаў не толькі першым алімпійскім чэмпіёнам у гісторыі Беларусі ў скачках на батуце, але і задаў добрую традыцыю. Праз пяць гадоў на Гульнях у Токіа яго дасягненне паўтарыў Іван Літвіновіч.-0-

Фота з архіва БЕЛТА
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі