Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
13 красавіка 2020, 15:43

Перанос такійскай Алімпіяды будзе каштаваць амаль $2,7 млрд

13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Агульны кошт пераносу такійскіх летніх Алімпійскіх гульняў складзе прыкладна $2,7 млрд. Раней планавалася, што на арганізацыю Алімпіяды-2020 будзе патрачана амаль $12,6 млрд. Аб гэтым прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) Томас Бах расказаў у інтэрв'ю нямецкаму выданню Frankfurter Allgemeine Zeitung, паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ў прэс-службе НАК Беларусі.

Паводле слоў Томаса Баха, змяненні павернуцца для МАК стратай некалькіх соцень мільёнаў долараў. У сваім каментарыі ён падкрэсліў, што ніхто не можа абвінаваціць МАК у бяздзейнасці. "У існуючай сітуацыі з-за распаўсюджвання інфекцыі самае простае рашэнне - адмова ад Гульняў, але гэта разбурыла б мару тысяч атлетаў, балельшчыкаў, таму старты перанесены на год, што прывядзе да дадатковых расходаў з боку МАК і аргкамітэта Гульняў", - адзначыў ён.

З-за пераносу тэрмінаў правядзення маштабнай спартыўнай падзеі зменены даты правядзення найбольш буйных чэмпіянатаў свету па відах спорту. У прыватнасці, сусветны форум па лёгкай атлетыцы ў амерыканскім Арэгоне перанесены на год і адбудзецца ў 2022 годзе.

Раней выканаўчы дырэктар МАК Крыстаф Дубі расказаў СМІ, што дадатковыя расходы на правядзенне Алімпійскіх гульняў падзеляць паміж сабой Міжнародны алімпійскі камітэт і арганізацыйны камітэт.

Першапачаткова планавалася, што XXXII летнія Алімпійскія гульні пройдуць з 24 ліпеня па 9 жніўня, але ў сувязі з пандэміяй каранавіруса Алімпіяда была перанесена на год. Плануецца, што Гульні ў Токіа пройдуць з 23 ліпеня па 8 жніўня 2021 года.

Цяпер 72 беларускія атлеты, якія прадстаўляюць 15 відаў спорту, выканалі кваліфікацыйныя патрабаванні і нарматывы, што даюць права выступіць на Алімпіядзе ў Токіа. Пакуль адборачныя турніры да Гульняў прыпынены ў сувязі з распаўсюджваннем COVID-19. Пасля іх аднаўлення беларусы маюць намер заваяваць яшчэ некалькі дзясяткаў алімпійскіх квот.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі