
22 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На стадыёне Універсітэта грамадзянскай абароны МНС адбыўся фінальны дзень чэмпіянату Беларусі па пажарна-выратавальным спорце, прысвечанага 169-й гадавіне пажарнай службы. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МНС.
Спартсмены, якія прадстаўляюць падраздзяленні МНС Брэсцкай, Гомельскай, Гродзенскай, Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай абласцей, а таксама горада Мінска і Універсітэта грамадзянскай абароны МНС, спаборнічалі сёння ў самай дынамічнай і яркай дысцыпліне "Баявое разгортванне".
У практыкаванні прымалі ўдзел толькі мужчыны. У другой спробе, у практычна фінальным забегу дысцыпліны, каманда Гродзенскай вобласці апярэдзіла каманду Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС, якая паказала лепшы рэзультат з самага пачатку дня спаборніцтваў, і з рэзультатам 22,59 секунды заняла першае месца. Гомельскае абласное ўпраўленне МНС - другое месца з рэзультатам 22,92 секунды. Бронзавым прызёрам "Баявога разгортвання" стала каманда Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС з рэзультатам 23,26 секунды.
Па выніках усяго чэмпіянату першае месца ўтрымала каманда Мінскага гарадскога ўпраўлення МНС. Другімі сталі спартсмены з Мінскага абласнога ўпраўлення МНС. Замкнула тройку лідараў каманда Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС.-0-