
31 жніўня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Паядынкамі ў Жлобіне, Гомелі і Магілёве стартуе 31-ы розыгрыш чэмпіянату Беларусі па хакеі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
У матчы адкрыцця традыцыйна згуляюць дзве лепшыя каманды папярэдняга сезона. Дзеючы чэмпіён краіны "Металург" у Жлобіне прыме сталічнае "Юнацтва", сустрэча стартуе ў 18.55. У другім паядынку дня сустрэнуцца фіналісты нядаўняга Кубка Салея - 2022 "Гомель" і "Віцебск". Тры дні таму мацнейшай у гэтым процістаянні была каманда поўначы. У паралельным матчы на лёд у Магілёве выйдуць мясцовы клуб і "Ліда", якія не змаглі выйсці ў плэй-оф мінулага сезона. Стартавае ўкідванне ў абедзвюх сустрэчах будзе праведзена ў 19.00.
Удзел у экстралізе, як і ў мінулым годзе, прымаюць 12 каманд, якія згуляюць у пяць кругоў. Рэгулярны чэмпіянат сезона 2022/23 пройдзе ў адзін этап без дзялення на шасцёркі і завершыцца 25 лютага. Раўнд плэй-оф пройдзе з канца лютага па красавік наступнага года.-0-