21 лютага, Казань /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі прапрацоўваецца стварэнне федэрацыі фіджытал-спорту. Аб гэтым паведаміў журналістам міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук на цырымоніі адкрыцця Гульняў Будучыні ў Казані, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
"Пытанне ўжо даўно абмяркоўваецца. Можна сказаць, прапрацоўваецца, - сказаў Сяргей Кавальчук. - Такая федэрацыя, напрыклад, нядаўна з'явілася ва Узбекістане і год таму - у Расіі".
У Казані з 21 лютага па 3 сакавіка праходзіць міжнародны мультыспартыўны турнір "Гульні Будучыні". Гэта высокатэхналагічнае шоу, якое складаецца са спаборніцтваў у класічных відах спорту і іх лічбавых аналагах. Усяго ў турніры прымуць удзел звыш 270 каманд і больш за 2 тыс. спартсменаў са 107 краін. Беларусы выступяць у некалькіх дысцыплінах - фіджытал-баскетболе, фіджытал-футболе і фіджытал-адзінаборствах, бітве робатаў, гонцы дронаў, віртуальнай велагонцы і "Свеце танкаў". Усяго на турнір прыехалі каля 70 нашых суайчыннікаў (некаторыя з іх увайшлі ў склад шматнацыянальных каманд).
"Фармат спаборніцтваў вельмі цікавы, але яго трэба глыбока вывучаць. Дапусцім, бяром баскетбол: у камандзе гуляюць чатыры чалавекі - два на пляцоўцы, два камп'ютаршчыкі. Гэта значыць можна выставіць двух геймераў і двух баскетбалістаў. А ці правільна гэта? Мэта ж зусім іншая - каб тыя, хто сядзіць за камп'ютарам, гулялі і ў баскетбол, і наадварот. Мне здаецца, у некаторых відах спорту трэба нешта крыху перагледзець", - адзначыў Сяргей Кавальчук.
Але саму ідэю Гульняў Будучыні міністр называе "выдатнай, абсалютна правільнай і своечасовай". "Сёння задача - адцягнуць дзяцей і людзей старэйшых ад камп'ютара і прыцягнуць да заняткаў спортам", - падкрэсліў кіраўнік ведамства.-0-