Сцяг Аўторак, 23 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
07 лютага 2022, 18:10

Наваковіч: алімпійскі дэбют Кацярыны Слоевай атрымаўся нядрэнным

7 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Алімпійскі дэбют беларускай канькабежкі Кацярыны Слоевай атрымаўся нядрэнным. Такое меркаванне карэспандэнту БЕЛТА выказаў старшы трэнер нацыянальнай каманды па рэзерве Аляксандр Наваковіч.

Сёння ў Пекіне 22-гадовая беларуская спартсменка заняла 16-е месца на дыстанцыі 1500 м. Пасля шасці забегаў яна нават лідзіравала, але потым яе рэзультат (1 мін 58,41 сек) перасягнулі паўтара дзясятка канкурэнтак. "Для першага алімпійскага старту Каця выступіла нармальна, але магло быць і лепш. Што датычыцца лідара беларускай каманды Марыны Зуевай, то, думаю, яна яшчэ набірае абароты. Будзем спадзявацца, што на дыстанцыі 5000 м яна зможа выйсці на пік формы і прынамсі трапіць у першую васьмёрку", - лічыць Аляксандр Наваковіч.

Гаворачы аб перспектывах нашых спартсменаў, якія стартуюць у спрынтарскіх дысцыплінах, па функцыянальным патэнцыяле яны могуць змагацца за медалі. Ну а далей усё будзе залежаць ад псіхалагічнай устойлівасці і баявога настрою, адзначыў трэнер.

"Агульныя ўражанні ад алімпійскага канькабежнага турніру - пакуль усё больш-менш прадказальна, медалі бяруць прызнаныя фаварыты. Толькі што ўчора здзівіў малады нарвежац Хальгейр Энгебротэн, які стаў бронзавым прызёрам на дыстанцыі 5 000 м", - сказаў вядомы беларускі спецыяліст.

За ўсю гісторыю Алімпійскіх гульняў з беларускіх канькабежцаў на п'едэстал гонару ўзнімаўся толькі праслаўлены Ігар Жалязоўскі. У складзе зборнай СССР у Калгары-1988 ён стаў бронзавым прызёрам на дыстанцыі 1 000 м, а ў Лілехамеры-1994, калі зборная Беларусі ўпершыню выступала самастойнай камандай, выйграў сярэбраны медаль у гэтай жа дысцыпліне.

На пекінскай Алімпіядзе ўдзельнікі канькабежнага турніру разыгрываюць 14 камплектаў узнагарод.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі