Сцяг Пятніца, 3 мая 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
22 мая 2020, 17:54

Намеснік дырэктара "Раўбічаў": робіцца ўсё, каб спартсмены ў ізаляцыі маглі трэніравацца

22 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У "Раўбічах" створаны камфортныя ўмовы для трэніровак спартсменаў ва ўмовах ізаляцыі. Аб гэтым заявіў журналістам намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту Ягор Хмялькоў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"У нас цяпер пражываюць каля 230 чалавек. Гэта спартсмены, трэнеры, абслуговы персанал. Усяго трэніруюцца прадстаўнікі васьмі відаў спорту: біялона, лыжных гонак, хакея з шайбай, канькабежнага спорту, лёгкай атлетыкі, веласіпеднага спорту, трыятлона і кікбоксінга. Для іх створаны камфортныя трэніровачныя ўмовы з улікам абстаноўкі. Склад паступова мяняецца: нехта прыязджае, нехта ад'язджае", - расказаў Ягор Хмялькоў.

Плануецца, што ў "Раўбічы" ў хуткім часе заедуць прадстаўнікі баскетбола, гандбола і валейбола. "Робіцца ўсё, каб спартсмены трымалі сябе ў форме і была магчымасць, нягледзячы на абставіны, трэніравацца", - падкрэсліў намеснік дырэктара.

Паводле яго слоў, на тэрыторыі цэнтра прыняты меры па прадухіленні распаўсюджвання віруснай інфекцыі. У прыватнасці, забаронены ўезд пабочным асобам, патокі спартсменаў, іх харчаванне падзелены - усё зроблена так, каб прадстаўнікі розных відаў спорту не перасякаліся паміж сабой. Больш грунтоўна праводзіцца прыбіранне памяшканняў, апрацоўка інвентару і абсталявання сродкамі дэзынфекцыі. Наладжаны пільны кантроль за атлетамі і станам іх здароўя.

Ягор Хмялькоў дадаў, што, калі спартсмены вярталіся з-за мяжы, для іх 14-дзённай ізаляцыі ў Мінску і Мінскай вобласці былі вызначаны чатыры базы з санітарна-проціэпідэмічным рэжымам, медыцынскім кантролем і наглядам. Адным з такіх пунктаў і сталі "Раўбічы", якія станоўча сябе зарэкамендавалі за гэты час. Такая ж работа была арганізавана і ў рэгіёнах.

Урач спартыўнай медыцыны Павел Малашэвіч адзначыў, што абследаванню атлетаў удзяляецца вялікая ўвага, у тым ліку на наяўнасць вірусных інфекцый. "Першае, што мы зрабілі, - падзялілі каманды па часе і месцы правядзення трэніровак, перамяшчэнні, прыёме ежы. У "Раўбічах" былі сезонныя выпадкі заражэння ВРВІ. Мы выкарыстоўвалі экспрэс-методыкі для выяўлення новага каранавіруса. На шчасце, на гэты час у нас не зафіксавана ніводнага выпадку СOVID-19", - сказаў ён.

Цяпер 74 беларускія атлеты, якія прадстаўляюць 16 відаў спорту, выканалі кваліфікацыйныя патрабаванні і нарматывы, якія даюць права выступіць на Алімпіядзе ў Токіа. Пакуль адборачныя турніры да Гульняў прыпынены ў сувязі з распаўсюджваннем COVID-19, а пасля іх аднаўлення беларусы маюць намер заваяваць яшчэ некалькі дзясяткаў алімпійскіх квот.

ХХХII летнія Алімпійскія гульні ў японскай сталіцы пройдуць з 23 ліпеня па 8 жніўня 2021 года.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі