Сцяг Субота, 27 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
12 сакавіка 2024, 10:45

На "Мінск-Арэне" адбудзецца шосты матч серыі мінскага і маскоўскага "Дынама" ў плэй-оф КХЛ

Фота з архіва
Фота з архіва
12 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакеісты мінскага "Дынама" сёння правядуць шосты паядынак супраць маскоўскіх аднаклубнікаў у серыі першага раўнда плэй-оф Кантынентальнай хакейнай лігі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Пасля пяці вочных матчаў у процістаянні наперадзе хакеісты з Масквы - 3:2. Дзве стартавыя сустрэчы серыі праходзілі на "ВТБ Арэне" 2 і 4 сакавіка, абодва разы мацнейшымі былі гаспадары пляцоўкі (4:1 і 4:3). У другім матчы падапечныя Дзмітрыя Квартальнава за 10 мінут да фінальнай сірэны вялі ў ліку, але потым атрымалі два выдаленні запар, чым і скарыстаўся сапернік. Далей каманды пераехалі ў Мінск, у трэцяй гульні да "зуброў" прыйшла першая ў серыі перамога - 3:1. Развіць поспех на родным лёдзе не ўдалося, хоць да гэтага не хапіла зусім мала. Нашы юнакі двойчы выходзілі наперад, але зноў негатыўна паўплывалі парушэнні правіл. Чацвёртая сустрэча перайшла ў авертайм, дзе больш пашанцавала гасцям (3:2).

На пяты паядынак 10 сакавіка сапернікі вярнуліся ў Маскву. Уладальнікі Кубка Кантынента вялі ў серыі з лікам 3:1, і ў выпадку паражэння пазаўчора "зубры" завяршылі б удзел у гэтым сезоне. У другой гульні запар дынамаўцам не хапіла асноўнага часу, але на гэты раз мала аказалася нават дадатковых дваццаці мінут. Лёс сустрэчы вырашыўся толькі ў другім авертайме, дзе перамогу мінчанам прынёс Нік Мерклі - 2:1. Гэты матч стаў для нашага клуба самым працяглым за ўвесь час знаходжання ў КХЛ.

За 16-гадовую гісторыю выступленняў у лізе "зубры" двойчы даходзілі да шостага паядынку ў серыі плэй-оф, тыя ж гульні таксама прымала "Мінск-Арэна". У 2011 годзе сталічны калектыў перамог "Лакаматыў" (5:3) і перавёў процістаянне ў сёмы матч. А роўна 12 месяцаў таму мінскія дынамаўцы сустракаліся з піцерскім СКА, але пацярпелі няўдачу і ў гульні, і ў серыі (2:4). Праз год "зубры" зноў знаходзяцца за адно паражэнне ад вылету з сезона, перамога сёння перавязе каманды назад у Маскву на вырашальную бітву. Галоўная на гэты момант дамашняя гульня "Дынама" ў бягучым розыгрышы стартуе ў 19.30.-0-
Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі