Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
25 верасня 2019, 13:06

На ЧЕ па валейболе сярод мужчынскіх каманд вызначыліся паўфіналісты

25 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На чэмпіянаце Еўропы па валейболе сярод мужчынскіх каманд вызначыліся ўсе паўфіналісты, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Лёс дзвюх апошніх пуцёвак у паўфінальную стадыю кантынентальнага першынства вырашаўся ў матчах Італія - Францыя і Сербія - Украіна.

Паядынак паміж італьянцамі і французамі абяцаў быць хітом гэтай стадыі розыгрышу ЧЕ, аднак на справе гэта была гульня ў адны вароты. Французы з самага пачатку зрабілі стаўку на атакуючую гульню, і гэта прынесла свой вынік - 3:0 (25:16, 27:25, 25:14). Бенжамен Таньюці спакойна раздаваў пасы сваім калегам па зборнай, якія знаходзіліся па краях. Стывен Боя і Эрвін Нгапет хутка дабіліся адрыву ў ліку (14:9). Давесці партыю да перамогі пасля гэтага было няцяжка.Тым больш што італьянцы шмат памыляліся і дагнаць сапернікаў не змаглі.

У другім сэце італьянцы пайшлі ва-банк. Добра выглядалі на фоне астатніх падапечных Джанларэнца Бленджыні, Іван Зайцаў і Асмані Хуантарэна, якога медыкі змаглі паставіць на ногі пасля траўмы, атрыманай у папярэдняй фазе розыгрышу. Але французы не здаваліся і шмат у чым дзякуючы намаганням Жульена Лінэля выйшлі наперад - 18:13. Утрымаць такую значную перавагу на гэты раз не змаглі, тым не менш дабіўшыся свайго ў нервовай канцоўцы - 27:25.

У трэцім сэце французы хутка выйшлі наперад - 9:4 - і трымалі пад кантролем тое, што адбывалася на пляцоўцы. На іх фоне італьянцы выглядалі бездапаможна і ўступілі - 14:25.

Сапернікамі французаў у паўфінале 27 верасня будуць валейбалісты Сербіі, якія вымушаны былі прыкласці нямала намаганняў, каб перамагчы сапернікаў з Украіны з лікам 3:2 (21:25, 25:23, 25:22, 19:25, 15:9).

З самага пачатку сустрэчы каманда Угіса Скрасціньша не пабаялася сваіх тытулаваных сапернікаў, якіх увесь час выводзілі з сябе цяжкія падачы Яна Ярэшчанкі, Дзмітрыя Віецкага і Дзмітрыя Платніцкага, якія набралі за матч 10 эйсаў.

Сербы ўсё ж змаглі паступова знайсці шлях да перамогі дзякуючы сваім лідарам Аляксандру Атанасьевічу (24 ачкі) і Урашу Кавачавічу (21). Аднак пытанне аб тым, хто будзе паўфіналістам чэмпіянату Еўропы, было вырашана на тай-брэйку. Сербы дзякуючы вялікаму вопыту матчаў на вышэйшым узроўні згулялі на гэтым адрэзку матчу практычна беспамылкова і пазбавілі ўкраінцаў шанцу перасягнуць сваё дасягненне на еўрачэмпіянаце 1993 года, калі яны занялі 6-е месца.

У другім паўфінале, які пройдзе ў Любляне 26 верасня, сустрэнуцца каманды Польшчы і Славеніі. Матч за 3-е месца і фінал пройдуць у парыжскім спарткомплексе "Акархотэлс Арэна" 28 і 29 верасня.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі