Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
02 чэрвеня 2021, 10:34

Моладзь павінна ўнесці значны ўклад у развіццё алімпізму - Бах

2 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Моладзь павінна ўнесці значны ўклад у развіццё алімпізму. Аб гэтым, звяртаючыся да ўдзельнікаў міжнароднага форуму юных алімпійцаў у Маскве, сказаў прэзідэнт МАК Томас Бах, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАК Беларусі.

Кіраўнік сусветнага алімпійскага руху адзначыў, што тэмы, якія абмяркоўваюцца ў Маскве, з'яўляюцца адлюстраваннем цеснай сувязі паміж спортам і адукацыяй. "Вы прадстаўляеце будучыню спорту, вы - наступнае пакаленне, якое будзе адаптаваць і асэнсоўваць, што значаць для вас алімпійскія каштоўнасці. Мы разлічваем, што вы раскажаце нам пра тое, як спорт можа ўнесці яшчэ большы ўклад у тое, каб зрабіць свет лепшым", - адзначыў Томас Бах, звяртаючыся да атлетаў.

"На форуме будзем абмяркоўваць многія пытанні, звязаныя з алімпійскім рухам. Галоўная задача алімпізму - рабіць чалавека лепшым праз спорт. Нам вельмі хацелася б даць вам веды, якія вы зможаце выкарыстоўваць у сваёй далейшай кар'еры. Хачу, каб у Маскве вы пасябравалі адзін з адным, даведаліся шмат новага і карыснага", - сказаў прэзідэнт Алімпійскага камітэта Расіі Станіслаў Пазнякоў.

У міжнародным форуме юных алімпійцаў прынялі ўдзел маладыя спартсмены ва ўзросце ад 14 да 18 гадоў, якія прадстаўляюць рэгіёны Расіі, а таксама нацыянальныя алімпійскія камітэты Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана, Таджыкістана і Узбекістана.

Ад Беларусі ў маштабным форуме прынялі ўдзел чэмпіён III Зімовых юнацкіх Алімпійскіх гульняў 2020 года (Лазана, Швейцарыя) па хакеі з шайбай 3 на 3 Ілья Корзун, двухразовы чэмпіён III Летніх юнацкіх Алімпійскіх гульняў 2018 года (Буэнас-Айрэс, Аргенціна) па дзюдо Арцём Коласаў, бронзавы прызёр III Летніх юнацкіх Алімпійскіх гульняў 2018 года (Буэнас-Айрэс, Аргенціна) па жаночай барацьбе Наталля Варакіна і бронзавы прызёр XV Летняга еўрапейскага юнацкага алімпійскага фестывалю 2019 года (Баку, Азербайджанская Рэспубліка) па жаночай барацьбе Аляксандра Кіслякова.

З анлайн-лекцыяй "Бяспечны спорт" выступіў эксперт МАК Нілс Холмегаард, а яго калега з ЕАК Крыстафер Папаміхалопулас расказаў аб рэалізацыі праграмы маладых паслоў ЕЮАФ і алімпійскіх каштоўнасцях.

Далей юныя алімпійцы ў складзе некалькіх каманд адправіліся ў падарожжа па адукацыйных, спартыўных і інтэрактыўных пляцоўках. Там маладыя людзі змаглі праверыць функцыянальную гатоўнасць, даведацца пра новыя віды трэніровак, асвоіць асновы кіравання дронамі, паспрабаваць сілы ў кёрлінгу, квадрапонгу і сакерболе.

Акрамя таго, на адукацыйным семінары "Антыдопінг" перад удзельнікамі выступіла спецыяліст аддзела рэалізацыі адукацыйных праграм РУСАДА Лізавета Капанадзэ, а яе калега Андрэй Цігай расказаў юным алімпійцам аб важных нюансах праходжання працэдуры допінг-кантролю.

"Добры вопыт для нас, абменьваемся думкамі па розных пытаннях у спорце, выказваем свой пункт гледжання. Шмат гаварылі пра абарону маладых атлетаў, падрабязна спыніліся на антыдопінгавай праграме. Форум вельмі карысны для моладзі. Спадзяюся, у будучым яшчэ больш юных атлетаў змогуць прыняць у ім удзел", - расказаў Арцём Коласаў.

У рабоце форуму прынялі ўдзел расійскія чэмпіёны і прызёры Алімпійскіх гульняў, спартыўныя функцыянеры, прадстаўнікі спартыўнай індустрыі.

Арганізатарам мерапрыемства, якое ў бягучым годзе прайшло і ў анлайн-фармаце, традыцыйна выступіў алімпійскі камітэт Расіі (АКР) пры падтрымцы праграмы Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК) "Алімпійская салідарнасць", дабрачыннага фонду Алены і Генадзя Цімчанкаў, а таксама пры садзейнічанні расійскага антыдопінгавага агенцтва РУСАДА.-0-

Фота НАК

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі