Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
13 ліпеня 2022, 15:55

"Мяшкоў Брэст" згуляе з "Еўрафармам" у чвэрцьфінале SEHA-лігі

13 ліпеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Матчы плэй-оф 11-га сезона SEHA-лігі пройдуць у жніўні - верасні. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні выканкама гэтай міжнароднай гандбольнай лігі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Чэмпіёны Беларусі гандбалісты клуба "Мяшкоў Брэст" у чвэрцьфінале згуляюць у гасцях з паўночнамакедонскім "Еўрафармам" з Біталы. У папярэднім розыгрышы брастаўчане на гэтай жа стадыі двойчы абыгралі "Еўрафарм" - 31:27 і 35:31. У паўфінале пераможца іх цяперашняга паядынку будзе сапернічаць з пераможцам матчу паміж славацкім "Татранам" з Прэшава і трыумфатарам двух апошніх сезонаў венгерскім "Веспрэмам". У іншых чвэрцьфіналах сустракаюцца: "Вардар" (Скоп'е, Паўночная Македонія) - "Нексе" (Нашыцэ, Харватыя), "Вайводзіна" (Нові Сад, Сербія) - "Заграб" (Харватыя). Чвэрцьфінальныя сустрэчы адбудуцца з 8 па 25 жніўня, іх пераможцы згуляюць у "Фінале чатырох", які пройдзе 2-4 верасня ў харвацкім горадзе Задар.

Пераможцам папярэдняга турніру сталі гандбалісты "Веспрэма", якія абыгралі ў вырашальным матчы "Заграб". У гульні за бронзавыя медалі "Мяшкоў Брэст" уступіў украінскаму "Матору" з Запарожжа. За ўсе гады правядзення розыгрышу SEHA-лігі "Вардар" пяць разоў станавіўся чэмпіёнам, чатыры разы перамагаў "Веспрэм", адзін тытул у "Заграба". Брэсцкія гандбалісты двойчы станавіліся сярэбранымі прызёрамі і тройчы заваёўвалі бронзавыя медалі.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі