Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
31 сакавіка 2021, 15:25

Міжнародны турнір па хакеі на траве "Праметэй" пройдзе ў Брэсце 12-15 красавіка

31 сакавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсце 12-15 красавіка пройдзе міжнародны турнір па хакеі на траве сярод мужчынскіх каманд "Праметэй", паведаміў карэспандэнту БЕЛТА дырэктар спартыўнага клуба "Будаўнік" Васіль Ляшчынскі.

"На жаль, у мінулым годзе міжнародных спаборніцтваў па хакеі на траве практычна не было. У гэтым годзе, нягледзячы на пэўныя складанасці, мы вырашылі правесці турнір. Адгукнуліся чэмпіён і прызёры чэмпіянату Расіі, чэмпіён Украіны, будуць удзельнічаць два мацнейшыя клубы нашай краіны. Турнір павінен атрымацца відовішчным, таму што каманды высокага ўзроўню, выступаюць у еўрапейскіх клубах", - расказаў Васіль Ляшчынскі.

Для ўдзелу ў турніры заяўлены брэсцкі "Будаўнік" і ХК "Мінск", расійскія "Дынама-Электрасталь", "Дынама-Будаўнік" (Екацярынбург) і "Дынама-Ак Барс" (Казань), "ОКС-ШВСМ" з украінскай Вінніцы. Каманды падзеляць на дзве групы, у якіх яны згуляюць па кругавой сістэме. Потым пройдуць стыкавыя матчы, па выніках якіх размяркуюцца месцы ў турнірнай табліцы.

Уваход на стадыён "Будаўнік" будзе свабодным. Прапрацоўваецца магчымасць арганізацыі бяспройгрышнай латарэі для гледачоў. Арганізатары турніру вядуць перагаворы наконт трансляцыі матчаў на тэлеканале "Беларусь 5".

Арганізатары "Праметэя" - упраўленне спорту і турызму Брэсцкага аблвыканкама, Беларуская федэрацыя хакея на траве, УП "Брэстаблгаз" і КУП "Брэстжылбуд".

Плануецца, што гэтай вясной "Будаўнік" прыме ўдзел у адкрытым Кубку Расіі па хакеі на траве. Акрамя таго, брастаўчане рыхтуюцца выступіць у другім па значнасці клубным турніры Еўропы - Кубку "Трофі". Яго правядзенне намечана на восень.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі