
12 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Форвард мінскага "Дынама" Раян Спунер прызнаны лепшым нападаючым другога тыдня рэгулярнага чэмпіянату КХЛ, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу лігі.
Гэта званне ігрок "зуброў" атрымаў упершыню ў кар'еры. У трох матчах на мінулым гульнявым тыдні Спунер набраў 6 (5+1) ачкоў, адправіўшы па дублі ў вароты омскага "Авангарда" і "Салавата Юлаева" з Уфы. Таксама ў актыве канадца па адным сілавым прыёме, заблакіраваным кідку і адборы шайбы, сярэдні гульнявы час Раяна склаў 18 мінут і 53 секунды.
Лепшым варатаром тыдня названы галкіпер "Віцязя" Дзмітрый Шыкін, які атрымаў тры перамогі ў трох матчах. Лепшым абаронцам стаў Аляксандр Нікішын са СКА, лепшым навічком - нападаючы "Тарпеда" Дзяніс Венгрыжаноўскі. Мацнейшыя хакеісты тыдня вызначаны спецыяльнай камісіяй КХЛ на падставе статыстычных даных выступленняў ігракоў.
Пасля чатырох матчаў са старту рэгулярнага чэмпіянату мінскае "Дынама" з шасцю ачкамі дзеліць 4-7-я пазіцыі Заходняй канферэнцыі з ЦСКА, "Поўначсталлю" і аднаклубнікамі з "Масквы". Наступны паядынак падапечныя Вудкрафта правядуць сёння ў гасцях у казанскага "Ак Барса", пачатак у 19.00.-0-