Сцяг Чацвер, 12 снежня 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
12 снежня 2024, 11:21

Мінскае "Дынама" згуляе з футбалістамі "Ларна" ў Лізе канферэнцый


Фота з архіва
Фота з архіва
12 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Футбалісты мінскага "Дынама" правядуць сёння перадапошні матч агульнага этапу Лігі канферэнцый УЕФА, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У намінальна дамашнім паядынку 5-га тура ў азербайджанскім Сумгаіце дынамаўцы сустрэнуцца з паўночнаірландскім "Ларнам" (пачатак гульні ў 20.45; прамая трансляцыя на тэлеканале СТБ). Сустрэчу двух аўтсайдараў рассудзіць казахстанская брыгада арбітраў, якую ўзначаліць Саят Карабаеў. Абедзве каманды пакуль не набралі ніводнага ачка ў гэтым турніры. Мінчане пацярпелі паражэнне ад шатландскага "Хартса" з Эдынбурга (1:2), фінскага ХІКа з Хельсінкі (0:1), польскай "Легіі" з Варшавы (0:4) і дацкага "Капенгагена" (1:2). Футбалісты "Ларна" прайгралі нарвежскаму "Мольдэ" (0:3), ірландскаму клубу "Шэмрок Роверс" з Дубліна (1:4), швейцарскаму "Санкт-Галену" (1:2) і славенскай "Алімпіі" з Любляны (0:1).

Пасля чатырох дзён гульні турнірную табліцу агульнага этапу Лігі канферэнцый узначальваюць лонданскі "Чэлсі" і "Легія", якія набралі па 12 ачкоў з 12 магчымых. Сёння футбалісты "Чэлсі" згуляюць у Алматы супраць футбалістаў "Астаны", у складзе якой выступае адзін з лідараў зборнай Беларусі Макс Эбонг. У чатырох папярэдніх турах клуб з казахстанскай сталіцы набраў 4 ачкі (1 перамога, 1 нічыя, 2 паражэнні) і займае 23-е месца сярод 36 удзельнікаў турніру.

Агульны этап ЛК завершыцца праз тыдзень, 19 снежня, пасля чаго восем клубаў непасрэдна выйдуць у 1/8 фіналу. Каманды, якія зоймуць 9-24-я месцы, згуляюць у стыкавым раўндзе і вызначаць яшчэ восем удзельнікаў 1/8 фіналу. Далей турнір пойдзе па звычайнай сістэме на выбыванне. Стыкавыя сустрэчы адбудуцца 13 і 20 лютага 2025 года, матчы 1/8 фіналу пройдуць 6 і 13 сакавіка, чвэрцьфіналы намечаны на 10 і 17 красавіка, паўфіналы - на 1 і 8 мая. Фінальны паядынак трэцяга па рангу кантынентальнага клубнага турніру адбудзецца 28 мая ў польскім Вроцлаве.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі