Сцяг Серада, 24 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
31 студзеня 2020, 12:03

Мінскае "Дынама" ў авертайме ўступіла "Аўтамабілісту" ў гасцявым матчы КХЛ

31 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Мінскае "Дынама" ў гасцявым матчы чэмпіянату КХЛ прайграла екацярынбургскаму "Аўтамабілісту" з лікам 5:6 (0:1, 2:2, 3:2, 0:1), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сустрэча пачалася з атак екацярынбуржцаў. "Зубры" добра абараняліся, але на 11-й хвіліне форвард "Аўтамабіліста" Анатоль Голышаў адкрыў лік, забіўшы шайбу, якая адскочыла ад борта, у вароты апанентаў.

У другой дваццаціхвілінцы абедзве каманды паказалі роўную гульню. У сярэдзіне матчу форвард "Дынама" Яўген Кавыршын зраўнаваў лік. Яго тут жа падтрымаў таварыш па камандзе нападаючы Аляксандр Паўловіч. Але гаспадары лядовай пляцоўкі не збіраліся адпускаць мінчан з перамогай. На 32-й хвіліне вызначыўся Андрэй Абідзін, а Джэф Плат вывеў гаспадароў пляцоўкі наперад.

Трэці перыяд пачаўся з паспяховай атакі мінчан. Аўтарам гола стаў Андрэй Касціцын, які зраўнаваў лічбы на табло. Ігракі екацярынбургскага клуба не засталіся ў даўгу: шайбу на 46-й хвіліне забіў абаронца Міхаіл Мамкін - 4:3. Нападаючы "зуброў" Міхаіл Стэфановіч аднавіў раўнавагу, але абаронца гаспадароў Рафаэль Батыршын зноў здабыў мінімальную перавагу - 4:5. На 58-й хвіліне процістаяння Міхаіл Стэфановіч аформіў дубль і перавёў гульню ў авертайм, дзе мацнейшымі аказаліся хакеісты "Аўтамабіліста". Гол на свой рахунак запісаў нападаючы Анатоль Голышаў.

Наступны матч падапечныя Крэйга Вудкрафта згуляюць 1 лютага ў гасцях у "Сібіры".-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі