Сцяг Чацвер, 18 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
20 мая 2021, 17:05

Міністр спорту Беларусі звярнуўся з адкрытым пісьмом да кіраўніка IBU

20 мая, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міністр спорту і турызму Сяргей Кавальчук накіраваў у адрас прэзідэнта Міжнароднага саюза біятланістаў (IBU) Оле Даліна адкрытае пісьмо, паведамляе БЕЛТА.

"Міністэрства спорту з засмучэннем успрыняло навіну аб адмене этапу Кубка свету сезона 2021/2022 года ў Мінску.

Паміж Рэспублікай Беларусь і Міжнародным саюзам біятланістаў склаліся шматгадовыя партнёрскія адносіны. Наша краіна заўсёды падтрымлівала высокі імідж саюза сярод міжнародных спартыўных федэрацый. Мы заўсёды гатовы падтрымаць ініцыятывы і старанні па развіцці біятлона.

У Беларусі неаднаразова праходзілі буйнейшыя спаборніцтвы пад эгідай вашай арганізацыі, у тым ліку чэмпіянаты свету і Еўропы, а ўзровень арганізацыі іх правядзення заўсёды высока ацэньваўся Міжнародным саюзам біятланістаў.

У апошнія гады паспяхова праведзены шэраг такіх значных мерапрыемстваў, як чэмпіянат свету сярод юніёраў у 2015 годзе, чэмпіянат свету па летнім біятлоне ў 2019 годзе, чэмпіянаты Еўропы ў 2019 і 2020 гадах.

У пацвярджэнне гэтага вамі асабіста па выніках правядзення летняга чэмпіянату свету адзначана: "Мерапрыемства было добра арганізавана, я ўбачыў выдатнае ўзаемадзеянне ў арганізацыйным камітэце. Напярэдадні будучых мерапрыемстваў 2021/2022 гадоў і Кубка свету гэта выглядае шматабяцальна. Я таксама ўражаны тым, як вы развіваеце біятлон у вашай краіне".

У 2020 годзе па звароце кіраўніцтва саюза пры асабістай падтрымцы Прэзідэнта нашай краіны Беларускай федэрацыяй біятлона ў кароткія тэрміны было забяспечана правядзенне на высокім арганізацыйным узроўні чэмпіянату Еўропы ў Мінску (спартыўны комплекс "Раўбічы").

Чэмпіянат Еўропы разглядаўся як падрыхтоўка да правядзення этапу Кубка свету ў сезоне 2021/2022 года. З беларускага боку былі прыцягнуты значныя фінансавыя сродкі і рэсурсы на правядзенне гэтага спаборніцтва.

Аднак мы з засмучэннем успрынялі навіну аб адмене этапу Кубка свету сезона 2021/2022 года ў Мінску.

Рэспубліка Беларусь прытрымліваецца пазіцыі аб тым, што спорт павінен быць па-за палітыкай і выступаць сродкам аб'яднання людзей.

Лічым, што прынятае неабгрунтаванае рашэнне падрывае аўтарытэт саюза ў сусветным спорце і існуючыя даверныя адносіны з нашай краінай, а таксама прынцыпы алімпізму.

Выказваем глыбокае шкадаванне ў сувязі з тым, што з-за палітыкі двайных стандартаў пацерпяць шматлікія балельшчыкі і аматары біятлона.

Спадзяёмся, што названае рашэнне можа быць перагледжана вамі і далейшае супрацоўніцтва з Міжнародным саюзам біятланістаў будзе актыўна развівацца".

Міжнародны саюз біятланістаў 16 мая паведаміў, што этап Кубка свету-2021/22 у беларускіх Раўбічах, запланаваны на 3-6 сакавіка, перанесены ў фінскі Контыялахты. Выканкам IBU заявіў, што прычынай стала бягучая сітуацыя ў Беларусі, якая можа выклікаць складанасці ў рабоце арганізацыйных камітэтаў, федэрацый і зборных.

Праз два дні беларуская федэрацыя біятлона пракаменціравала такую сітуацыю, адзначыўшы, што навіна аб пераносе этапу Кубка свету з Беларусі была ўспрынята беларускім бокам з глыбокім шкадаваннем. Таксама федэрацыя біятлона адзначыла тое, што перанос быў ажыццёўлены без якіх-небудзь папярэдніх кансультацый.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі