Сцяг Пятніца, 19 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
21 мая 2019, 13:58

Медалі ІІ Еўрапейскіх гульняў прадставілі ў Мірскім замку

21 мая, Мір /Кар. БЕЛТА/. Арганізатары ІІ Еўрапейскіх гульняў прэзентавалі журналістам у Мірскім замку медалі маючага адбыцца спартыўнага форуму, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

У дызайне медалёў, распрацаваным стваральнікамі агульнай канцэпцыі брэнда ІІ Еўрапейскіх гульняў - кампаніяй Brama Branding, знайшоў адлюстраванне адзін з сімвалаў - "папараць-кветка". Форма ўзнагароды - класічны круг, унутры якога праменны элемент з невыразнымі контурамі: менавіта так выглядае сонца яркім летнім днём, нагадваючы нам аб часе правядзення гульняў. Такая ўтульная форма без рэзкіх вуглоў увасабляе рысы беларускага народа: мяккасць, дружалюбнасць, дабрадушнасць, блізкасць да прыроды. Невыпадковым з'яўляецца і дыяметр медаля - 9,5 см, насельніцтва ж Беларусі складае 9,5 млн чалавек. Уражанне дамашняй утульнасці і цеплыні дадасць чахол для медалёў, выраблены з натуральнага дрэва. Гэта выклікае асацыяцыю з традыцыйнымі беларускімі рамёствамі, беларускай прыродай, у прыватнасці з лясамі. Тут, у самым сэрцы Еўропы, паводле легенды, зацвітае дзівосная "папараць-кветка", якая здзяйсняе мары.

Дырэктар фонду "Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года" Георгій Катулін'

Кіраўнік прадпрыемства "Сэнс-Геральдыка" Кірыл Каралевіч расказаў, што пры вырабе медалёў прымяняліся ўнікальныя тэхналогіі. "З упэўненасцю магу сказаць: гэта ўзнагароды, якія не маюць аналагаў у свеце", - падкрэсліў ён. Корпус медалёў выкананы са спецыяльнага сплаву - тампаку. У адпаведнасці з вартасцю ўзнагароды выкарыстоўваюцца каштоўныя металы: золата 24 караты, серабро 999-й пробы і бронза. Для ўмацавання каштоўнага пакрыцця прымяняюцца нанаалмазы - запатэнтаваная тэхналогія беларускіх распрацоўшчыкаў. Для стварэння аднаго медаля вышэйшай пробы патрабуецца квадрыльён (1015) нанаалмазаў. Працэс вытворчасці аднаго медаля, які спалучае ў сабе традыцыйныя тэхнікі чаканкі і нанатэхналогіі, займае каля 20 гадзін. Вага ўзнагароды складае каля 540 г, дыяметр, як згадвалася вышэй, - 9,5 см, таўшчыня - каля 1 см.

Усяго для ІІ Еўрапейскіх гульняў будзе выраблена 1084 медалі: па 329 залатых і сярэбраных, а таксама 426 бронзавых. Найменне віду спорту і дысцыпліны, у якой уручаецца медаль, будзе выгравіравана на адваротным баку ўзнагароды. Кожны медаль будзе ўпакаваны ў драўляны футляр з цвёрдых парод дрэва, на верхняй частцы якога лагатып гульняў будзе нанесены колерам, які адпавядае занятаму месцу.

"Ушаноўванне пераможцаў з часоў старажытных Алімпійскіх гульняў з'яўляецца важнай часткай правядзення спаборніцтваў. Спачатку гэта быў вянок з аліўкавых галін. На сучасным этапе выкарыстоўваюцца ўсё больш сучасныя тэхналогіі. З упэўненасцю можна сказаць, што ўзнагароды ІІ Еўрапейскіх гульняў стануць запаветнай мэтай не толькі для атлетаў, але і для калекцыянераў", - адзначыў дырэктар фонду ІІ Еўрапейскіх гульняў Георгій Катулін.

Ён расказаў, што будуць выраблены і памятныя медалі, якімі будуць узнагароджаны ўсе ўдзельнікі ІІ Еўрапейскіх гульняў і афіцыйныя асобы, якія ўваходзяць у склад спартыўных дэлегацый краін. Яны стануць зменшанай копіяй узнагарод прызёраў спаборніцтваў.

ІІ Еўрапейскія гульні пройдуць у Мінску з 21 па 30 чэрвеня. Больш за 4 тыс. атлетаў з 50 краін разыграюць 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту.

Білеты на спартыўны форум можна набыць на сайце minsk2019.ticketpro.by, у сетцы партнёрскіх кас білетнага аператара на тэрыторыі Беларусі і больш як у 300 пунктах продажаў ва ўсіх абласных гарадах і буйных раённых цэнтраў. Купіць білеты можна і па безнаяўным разліку. Для гэтага трэба аформіць заяўку на фірменным бланку, якая мае рэквізіты, кантактны нумар тэлефона і e-mail для зваротнай сувязі, і адправіць па факсе 8-017-392-67-70 або на e-mail: minsk2019@ticketpro.by.-0-

Фота Максіма Гучака

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі