
20 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Кіраўнік і адзін з пілотаў каманды "МАЗ-СПОРТаўта" Сяргей Вязовіч на прэс-канферэнцыі падвёў вынікі ралі-рэйду "Дакар-2021", паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Сяргей Вязовіч падкрэсліў, што ў наступным годзе каманда мае намер дабівацца больш упэўненага выступлення. "На мой погляд, працэс падрыхтоўкі да спаборніцтваў быў правільны, ідзе прагрэс і каманды, і аўтамабіляў. Мэта - будзем імкнуцца да перамогі", - сказаў ён.
"На ралі было вельмі шмат хуткіх участкаў, на якіх барацьба ішла на секунды. Хацелася б бачыць больш складаныя трасы, каб мы маглі ў поўнай меры прадэманстраваць канкурэнтаздольнасць нашага аўтамабіля на бездарожжы, на цяжка праходных участках", - выказаў пажаданні кіраўнік каманды.
Ён таксама адзначыў высокую канкурэнцыю на трасах "Дакара" ў гэтым годзе. "Усе экіпажы ішлі ў роўным тэмпе, таму пракол кола або яшчэ больш значная паломка на такіх дыстанцыях падобны да катастрофы. Ты адразу выпадаеш з ліку прэтэндэнтаў на перамогу на гэтым этапе", - расказаў Сяргей Вязовіч.
"Што стала прычынай паломкі прывода аўтаматычнай каробкі перадач, нам яшчэ трэба будзе высветліць. Ёсць толькі меркаванні, агучваць якія пакуль дачасна", - адказаў на пытанне аб магчымых прычынах непаладкі свайго аўтамабіля кіраўнік "МАЗ-СПОРТаўта".
Сяргей Вязовіч са сваім экіпажам сышоў з дыстанцыі ралі-рэйду пасля пятага этапу з-за праблем з каробкай перадач. Па выніках "Дакара"-2021 экіпаж Аляксея Вішнеўскага заняў шостае месца ў генеральнай класіфікацыі сярод грузавікоў. Першыя тры месцы занялі расійскія экіпажы "КАМАЗ-майстар".-0-