Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
07 красавіка 2022, 11:46

Мацнейшыя спартсмены краіны збяруцца ў Брэсце на юбілейную велагонку памяці Я.Мальца

7 красавіка, Брэст /Кар. БЕЛТА/. Адкрыты чэмпіянат, алімпійскія дні моладзі і першынство Брэсцкай вобласці па веласпорце на шашы памяці экс-чэмпіёна СССР Я.А. Мальца пройдуць з 8 па 10 красавіка на тэрыторыі Брэста, Брэсцкага і Камянецкага раёнаў, паведаміў карэспандэнту БЕЛТА намеснік старшыні Брэсцкай абласной федэрацыі па веласпорце, галоўны суддзя спаборніцтваў Мікалай Хевук.

Мемарыял у памяць аб першым майстры спорту ў Брэсцкай вобласці быў заснаваны ў 1972 годзе. У хуткім часе з абласных спаборніцтваў яны перараслі ў рэспубліканскія. У бягучым годзе адбудзецца юбілейная 50-я гонка.

У Брэст прыедуць зборныя каманды з усіх абласцей рэспублікі і Мінска, а таксама два прафесійныя клубы - "БелАЗ" і "Мінск". У склад каманд з 28 чалавек уваходзяць мацнейшыя спартсмены краіны - чэмпіёны і прызёры чэмпіянатаў свету, майстры спорту міжнароднага класа. Акрамя таго, заяўкі на ўдзел прыслалі спартыўныя школы. Самае вялікае прадстаўніцтва ад Мінскага гарадскога ЦАР - 45 чалавек. Усяго чакаецца амаль 300 удзельнікаў ва ўзросце ад 13 да 40 гадоў.

У рэгламент спаборніцтваў уваходзяць тры віды праграмы. Адразу пасля ўрачыстага адкрыцця мемарыяла, якое адбудзецца ў 10 гадзін 8 красавіка ў Брэсцкім абласным ЦАР па веславанні, пройдзе індывідуальная гонка па вул. Кастрычніцкай рэвалюцыі і на тэрыторыі вяслярнага канала. На 9 красавіка запланавана групавая гонка - самы складаны этап мемарыяла. Яна пройдзе ў аграгарадку Астрамечава з выездам на кальцо ў Камянецкім раёне. Па трасе са складаным рэльефам мужчынам неабходна будзе пераадолець дыстанцыю 125 км, жанчынам - каля 90 км. Завершыць спаборніцтвы 10 красавіка крытэрыум - скорасная кальцавая гонка на шашы вакол парку 1000-годдзя Брэста.

Там жа адбудзецца сімвалічны заезд памяці, у якім прымуць удзел як дзеючыя спартсмены, так і ветэраны гэтага віду спорту. Калі будзе добрае надвор'е, арганізатары плануюць таксама правесці дзіцячы заезд для маленькіх брастаўчан на дамашніх веласіпедах. Удзельнікі атрымаюць сувеніры, памятныя падарункі.

На ўрачыстае адкрыццё юбілейнага памятнага чакаюць шмат знакамітых гасцей. У іх ліку - васьміразовая чэмпіёнка свету, прызёрка Алімпійскіх гульняў у Афінах Наталля Цылінская, заслужаныя майстры спорту, алімпійскія чэмпіёны Уладзімір Камінскі і Алег Логвін, двухразовыя чэмпіёны свету Васіль Кірыенка і Ігар Сумнікаў, чэмпіёнка свету Таццяна Шаракова. У Брэст таксама прыедуць больш за 30 заслужаных трэнераў-ветэранаў, якія падрыхтавалі плеяду вядомых спартсменаў. Сярод іх - Леанід Корбут, Алег Іваноў, Анатоль Бондар - выхаванец Яўгена Мальца, пераможца першага мемарыяла і адзін з яго ініцыятараў.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі