
1 снежня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Адборачны матч жаночага чэмпіянату свету 2023 года паміж футбалісткамі Чэхіі і Беларусі, які павінен быў адбыцца 30 лістапада, перанесены на чэрвень 2022 года. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў асацыяцыі "Беларуская федэрацыя футбола".
Перанос гульні ў чэшскай Опаве футбалістак Чэхіі і Беларусі на чэрвень 2022 года звязаны са станоўчымі вынікамі тэстаў на каранавірус у некалькіх ігракоў беларускай каманды. Рашэнне аб пераносе матчу прынята УЕФА з улікам афіцыйнага звароту футбольнай асацыяцыі Чэхіі і пасля ўзгаднення з АБФФ.
Беларуская футбольная дэлегацыя на чале са старшынёй АБФФ Уладзімірам Базанавым сёння вяртаецца з Чэхіі ў Мінск. Найбліжэйшы паядынак адборачнага турніру сусветнага першынства жаночая зборная Беларусі правядзе 7 красавіка 2022 года на сваім полі супраць каманды Ісландыі.
Становішча каманд у кваліфікацыйнай групе С цяпер такое: Нідэрланды - 11 балаў (5 матчаў), Ісландыя - 9 (4), Чэхія - 5 (4), Беларусь - 4 (3), Кіпр - 1 (6).
Пераможцы дзевяці еўрапейскіх адборачных груп атрымаюць прамы пропуск у фінальную стадыю 9-га жаночага чэмпіянату свету. Каманды, якія фінішуюць другімі, у матчах плэй-оф разыграюць яшчэ дзве пуцёўкі ў Аўстралію і Новую Зеландыю, якія летам 2023 года стануць гаспадарамі планетарнага форуму, дзе ўпершыню прымуць удзел 32 каманды. У фінале ЧС-2019 у Францыі зборная ЗША заваявала сваё чацвёртае золата, абыграўшы нідэрландскіх футбалістак з вынікам 2:0. У гульні за бронзу шведкі з лікам 2:1 перамаглі англічанак.-0-