15 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У РЦАП па зімовых відах спорту "Раўбічы" завяршыўся І этап адкрытага чэмпіянату і першынства Рэспублікі Беларусь па лыжных гонках, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Заключным відам праграмы ў нядзелю сталі гонкі з масавага старту на 20 кіламетраў класічным стылем. Сярод мужчын мацнейшым быў Аляксей Губенка, які прайшоў дыстанцыю за 56 мінут і 15 секунд. Роўна паўтары мінуты чэмпіёну ўступіў Міхаіл Марозаў, які фінішаваў другім, тройку лепшых замкнуў Данііл Сянкевіч. Гэта перамога стала для Губенкі другой на турніры ў "Раўбічах" пасля поспеху ў класічным спрынце.
У жаночым мас-старце першынствавала лідар нацыянальнай каманды Ганна Каралёва, якая паказала рэзультат 1 гадзіну, 3 мінуты і 9 секунд. Сярэбраная медалістка Ганна Мачэхіна ўступіла пераможцы ўсяго дзве секунды. Бронзу ў гэтай дысцыпліне ўзяла Лізавета Пінчук. Такім чынам, Каралёва стала трохразовай чэмпіёнкай Беларусі 2024 года, раней Ганна брала золата ў індывідуальнай гонцы і каньковым спрынце. Акрамя таго, у рамках першынства краіны вікторыі ў мас-старце сярод юніёраў атрымалі Раман Агароднік і Аліна Буйніцкая.-0-