Сцяг Субота, 20 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
30 лістапада 2021, 11:52

Ліянэль Месі сёмы раз стаў уладальнікам "Залатога мяча"

30 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Форвард зборнай Аргенціны і французскага клуба "Пары Сен-Жэрмен" Ліянэль Месі сёмы раз стаў лепшым футбалістам года, атрымаўшы чарговы "Залаты мяч" па версіі часопіса France Football, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Па выніках галасавання 34-гадовы аргенцінец набраў 613 ачкоў. На другой пазіцыі - польскі нападаючы мюнхенскай "Баварыі" Роберт Левандоўскі (580 балаў), трэцяе месца заняў італьянскі паўабаронца лонданскага "Чэлсі" Жаржыньё (460). Чацвёртую і пятую пазіцыі занялі французскія футбалісты - форвард мадрыдскага "Рэала" Карым Бензема (239) і паўабаронца "Чэлсі" Н'Гола Кантэ (186).

У гэтым годзе Ліянэль Месі ў складзе зборнай Аргенціны выйграў Кубак Амерыкі і быў прызнаны лепшым іграком гэтага турніру. У складзе "Барселоны" выйграў Кубак Іспаніі, а таксама стаў лепшым бамбардзірам іспанскага чэмпіянату, забіўшы 30 мячоў. У жніўні ён перайшоў у "Пары Сен-Жэрмен", у цяперашнім сезоне аргенцінскі нападаючы правёў за парыжан 11 матчаў, забіўшы ў іх 4 галы. Раней Ліянэль Месіі станавіўся ўладальнікам "Залатога мяча" ў 2009, 2010, 2011, 2012, 2015 і 2019 гадах. У яго бліжэйшага праследавацеля партугальца Крышціяну Раналду, які цяпер выступае за англійскі "Манчэстэр Юнайтэд", пяць такіх трафеяў (2008, 2013, 2014, 2016, 2017).

Прыз "Залаты мяч" быў заснаваны галоўным рэдактарам штотыднёвіка France Football Габрыэлем Ано. Першапачаткова "Залаты мяч" уручаўся толькі еўрапейскім футбалістам, з 1995 года яго ўладальнікамі маглі стаць футбалісты любой нацыянальнасці, якія выступаюць у еўрапейскіх клубах, а з 2007 года трафей можа атрымаць любы ігрок. З 2010 па 2015 год прыз уручаўся часопісам France Football сумесна з Міжнароднай федэрацыяй футбола (ФІФА), з 2016 года ўручаецца дзве ўзнагароды - па версіі выдання і па версіі ФІФА, узнагарода лепшаму іграку года па версіі ФІФА ўручалася таксама з 1991 па 2009 год. У 2020-м уручэнне прэміі "Залаты мяч" упершыню ў гісторыі было адменена, прычынай гэтага рашэння стала пандэмія каранавіруса.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі