Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
13 сакавіка 2023, 14:33

Лагатып і талісман ІІ Гульняў краін СНД зацверджаны ў Беларусі

13 сакавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Беларусі зацвердзілі лагатып і талісман ІІ Гульняў краін СНД. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні аргкамітэта па забеспячэнні падрыхтоўкі і правядзення ў Беларусі міжнародных спартыўных спаборніцтваў, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

На сённяшнім пасяджэнні арганізацыйнага камітэта ў першую чаргу былі разгледжаны прапанаваныя эскізы талісмана, лагатыпа і слогана ІІ Гульняў краін СНД на 2023 год. "Распрацоўкай займаўся Нацыянальны алімпійскі камітэт. Гэта стала прыкладам таго, як нашы дзяржаўныя органы бяруць ініцыятыву ў свае рукі і паспяхова вырашаюць пастаўленыя задачы", - падкрэсліў намеснік прэм'ер-міністра Ігар Петрышэнка.

Начальнік аддзела маркетынгу НАК Беларусі Віталь Астроўскі расказаў, што ў сімвале лагатыпа адлюстраваны шэраг характэрных для Беларусі элементаў - арнаментальная васьміканцовая зорка, якая пераходзіць у яркі васілёк. "Васьміканцовая зорка мае вялікую міфалагічную глыбіню, а васілёк з'яўляецца адным з неафіцыйных сімвалаў Беларусі. У нашай дынамічнай стылізацыі лагатыпа васілёк выступае як нацыянальная кветка (сімвал гасціннасці і дружалюбнасці), у ім дамінуюць сіні і васільковы колеры. Па краях таксама можна ўбачыць чырвоны, чорны, зялёны і жоўты пялёсткі - колеры алімпійскіх кольцаў. Гэта сімвалізуе тое, што мы падтрымліваем шматвяковыя алімпійскія прынцыпы і традыцыі, захоўваем іх і ствараем свае", - адзначыў ён.

Зацверджаны слоган "Моцны характар - яркая гульня!" у кароткай і ёмістай форме перадае асноўную мэту Гульняў, падкрэсліў Віталь Астроўскі. "Трыумф спорту - гэта і ёсць момант яркай гульні. Гэты момант немагчымы без прысутнасці моцнага характару і волі да перамогі", - сказаў прадстаўнік НАК.

Талісманам гульняў стала самабытная беларуская рысь пад імем Рыся. "У геральдыцы рысь заўсёды апісваецца як спрытны і хуткі звер, які валодае інтэлектам і вострым розумам - усе якасці, якія ідэальна падыходзяць для спартыўнага талісмана. Калі прыгледзецца больш дэталёва, то можна ўбачыць, што ўзоры на рысі выкананы ў стылі "маляваных дываноў", натхнёных мастачкай Алёнай Кіш", - дадаў Віталь Астроўскі.

Таксама была прадстаўлена 3D-мадэль персанажа для вырабу сувеніраў, варынты банераў і мерчу з лагатыпам ІІ Гульняў краін СНД.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі