
16 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Міжнародны барцоўскі турнір на прызы трохразовага алімпійскага чэмпіёна Аляксандра Мядзведзя з'яўляецца ўнікальным. Аб гэтым на цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў 16 верасня заявіў прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Кіраўнік НАК адзначыў, што гэты турнір праводзіцца з пачатку 1970-х гадоў і цяперашні - ужо 51-ы па ліку. "Гэта асаблівыя спаборніцтвы, якія маюць сваю непаўторную атмасферу. На спаборніцтвах у гонар вялікага барца не раз запальваліся новыя яркія зоркі, а сусветныя лідары пацвярджалі свой высокі клас. Сённяшняе пакаленне атлетаў мае ўнікальную магчымасць пераймаць неацэнны вопыт у такой глыбы сусветнага спорту, гэта трэба цаніць. "Такіх спартсменаў, як Аляксандр Мядзведзь, не тое што ў нашай краіне, ва ўсім свеце можна палічыць на пальцах адной рукі", - падкрэсліў Віктар Лукашэнка.
У цырымоніі адкрыцця спаборніцтваў у Палацы спорту разам з Аляксандрам Мядзведзем, якому сёння споўнілася 85 гадоў, прынялі ўдзел міністр спорту і турызму Беларусі Сяргей Кавальчук і яго расійскі калега Алег Матыцын.-0-