Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
14 чэрвеня 2024, 09:24

Каратысты пачынаюць, самбісты заканчваюць: анонс другога дня Гульняў БРІКС

Фота НАК
Фота НАК
14 чэрвеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Сорак камплектаў узнагарод у васьмі відах спорту будуць разыграны ў другі дзень спаборніцтваў Спартыўных гульняў краін БРІКС у Казані, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Першы дзень Гульняў прынёс нашай камандзе 13 медалёў (1-7-5). Сёння падняцца на п'едэстал у сінхронным плаванні другі раз запар паспрабуе салістка Васіліна Хандошка, якая пакажа адвольную праграму. Акрамя таго, у Палацы водных відаў спорту ў Казані з адвольнай праграмай выступіць наш дуэт Маргарыта Кірылюк - Валерыя Валасач, а "групавічкі" пазмагаюцца за тройку ў тэхнічнай праграме.

Напярэдадні пяць узнагарод Гульняў БРІКС заваявалі беларускія самбісты, папоўніць камандную скарбонку ў пятніцу пастараюцца Данііл Патачыц (да 80 кг), Сяргей Лясяк (да 98 кг), Дзмітрый Хахлоў (звыш 98 кг), Даніэла Ждан (да 65 кг), Анжэла Жылінская (да 72 кг), Карына Шут (да 80 кг) і Валерыя Хрушчова (звыш 80 кг).

Калі прадстаўнікі самба выступленні ў Казані сёння завершаць, то каратысты для сябе турнір адкрыюць. На татамі выйдуць беларусы Алег Мялёхін, Максім Кашырскі, Арцём Краўцоў, Цімур Будзько, Дэвід Нгуен, Раман Чымбур, Вольга Бародзіч, Ульяна Маркава, Ірына Шарыхіна, Аляксандра Палын, Марыя Азарава, Вераніка Баравік і Вікторыя Рудзенчанка.

Першыя медалі будуць разыграны і ў акадэмічным веславанні. Па выніках папярэдніх стартаў у вырашальныя заезды прабіліся нашы адзіночнікі Мікалай Шарлап, Мікіта Карнееў, Андрэй Федарэнка, Вікторыя Васільева і Алена Фурман, а таксама дзве двойкі двухлопасцевыя ў мужчын (Сяргей Валадзько - Дзмітрый Фурман; Дзяніс Клімята - Антон Купалаў) і адна жаночая (Вераніка Анацка - Паліна Залатарова).

13 чэрвеня ў камандных спаборніцтвах па настольным тэнісе мужчынская зборная Беларусі ў складзе Георгія Кунаца, Нікана Шутава і Данііла Віторскага абыграла Таджыкістан з лікам 3:1 і выйшла ў паўфінал, гарантаваўшы мінімум бронзавыя медалі. За праход у фінал нашы хлопцы сёння пазмагаюцца з расіянамі. Жаночая каманда нашай краіны выбыла ў 1/4 фіналу пасля паражэння ад Індыі (0:3).

У спартыўнай гімнастыцы ўчарашнія бронзавыя прызёры ў мнагабор'і Ягор Шарамкоў і Кіра Магарэвіч пазмагаюцца за медалі ў фіналах асобных відаў, кампанію ім на снарадах складуць партнёры па камандзе Яраслаў Крутаў і Алена Цітавец. Падняцца на подыум у цяжкай атлетыцы паспрабуюць Юльян Курловіч (да 89 кг), Паліна Пагуляева, Дзіяна Майсяевіч (абедзве - да 71 кг) і Дар'я Навумава (да 81 кг).

Акрамя таго, 14 чэрвеня паядынкі адной чацвёртай фіналу ў сваіх вагавых катэгорыях правядуць прадстаўнікі ўшу Сяргей Войтка, Данііл Прахарэнка, Андрэй Мядзюн і Марыя Кручанок. Таксама сёння матчы папярэдніх этапаў згуляюць беларускія тэнісісты і бадмінтаністы.-0-
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі