Сцяг Чацвер, 28 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
13 красавіка 2020, 11:51

Каманда Прэзідэнта 11-ы раз стала пераможцам аматарскага хакейнага турніру

13 красавіка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі абыграла хакеістаў Мінскай вобласці з лікам 8:4 (2:3, 1:1, 5:0) у другім паядынку фінальнай серыі і стала пераможцам ХІІІ Рэспубліканскіх спаборніцтваў сярод аматараў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

У стартавым перыядзе паядынку на лёдзе сталічнай "Алімпік-Арэны" падзеі змяняліся вельмі хутка. На 7-й мінуце хакеісты Мінскай вобласці правялі хуткую контратаку, якую дакладным кідком завяршыў Аляксандр Бабок. Аднак праз некалькі мінут наперадзе былі гаспадары - спачатку вароты Сяргея Рагоўскага паразіў Андрэй Глебаў, а потым вызначыўся Андрэй Башко, адным з асістэнтаў якога быў Аляксандр Лукашэнка. Госці не збіраліся ўступаць і незадоўга да першага перапынку зноў выйшлі ў лідары пасля кідкоў Дзяніса Магілатава і Аляксея Кувекі.

З пачатку другой трэці прайшло крыху менш за мінуту, як Аляксандр Радзінскі з перадачы Мікалая Лукашэнкі аднавіў парытэт. Але хутка госці зноў вырваліся наперад дзякуючы голу Аляксандра Бурмістронка.

Як толькі стартаваў заключны перыяд, у лідары выйшла прэзідэнцкая дружына пасля галявога дубля Аляксея Круцікава - 5:4. Сапернікі прыклалі шмат намаганняў, каб адыграцца, але ў іх нічога не атрымалася. А гаспадары ў канцоўцы вызначыліся яшчэ тройчы - па шайбе закінулі Міхаіл Грабоўскі, Андрэй Міхалёў і Павел Волчак.

У пераможцаў лепшым іграком прызнаны Павел Волчак, у тых, хто прайграў, - Арцём Пучкоўскі. У першым матчы фінальнай серыі да дзвюх перамог лядовая дружына кіраўніка дзяржавы выйграла з рэзультатам 7:3.

Па выніках турніру былі вызначаны лепшыя ігракі па амплуа: варатар - Сяргей Рагоўскі (Мінская вобласць), абаронца - Андрэй Башко (каманда Прэзідэнта), нападаючы - Андрэй Рашчынскі (Мінская вобласць). Лепшым бамбардзірам стаў капітан каманды кіраўніка дзяржавы Алег Антоненка, у актыве якога 19 балаў (7 шайбаў + 12 перадач). Другі бамбардзірскі паказчык у Мікалая Лукашэнкі - 17 (8+9).

На першым этапе спаборніцтваў хакейная каманда Прэзідэнта атрымала шэсць перамог у шасці праведзеных матчах, набраўшы 12 ачкоў з 12 магчымых, і заняла першае месца ў турнірнай табліцы. У паўфінале была атрымана перамога над камандай Гродзенскай вобласці - 12:3. Хакеісты Мінскай вобласці ў рэгулярным сезоне занялі 3-е месца, а ў паядынку за выхад у фінал выйгралі ў прадстаўнікоў Брэсцкага рэгіёна з лікам 4:2.

У матчы за бронзу гэтага турніру каманда Брэсцкай вобласці перамагла хакеістаў Гродзенскага рэгіёна з лікам 7:3.

Каманда Прэзідэнта 11-ы раз выйграла спаборніцтвы сярод аматарскіх каманд, па адным тытуле ў хакеістаў Гомельскай і Мінскай абласцей.

Арганізатарамі ХІІІ Рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакеі сярод аматараў выступаюць Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Міністэрства спорту і турызму, Федэрацыя хакея Беларусі і Мінгарвыканкамам.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі