Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
27 лістапада 2019, 15:01

Каманда "МАЗ-СПОРТаўта" прэзентавала спарткары перад ралі "Дакар-2020" у Саудаўскай Аравіі

27 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Каманда "МАЗ-СПОРТаўта" прэзентавала сёння спарткары перад ралі-рэйдам "Дакар-2020", які пройдзе 5-17 студзеня 2020 года ў Саудаўскай Аравіі, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Паводле слоў кіраўніка і пілота каманды "МАЗ-СПОРТаўта" Сяргея Вязовіча, "Дакар" у 2019 годзе быў адным з самых тэхнічна складаных для ўдзельнікаў. "У гэтым годзе мы вырашылі, што ўдзел у "Дакары-2020" упершыню прыме капотны МАЗ, які за мінулы год станоўча зарэкамендаваў сябе ў розных ралі-рэйдах. На "Шаўковым шляху" мы большую частку гонкі лідзіравалі, але не змаглі трапіць у прызавую тройку. Хочацца ўзяць рэванш, - сказаў ён. - За гэты час мы дапрацавалі машыну капотнай канфігурацыі. Спіс змяненняў можна пералічваць доўга, але, у прыватнасці, аўтамабіль лепш кіруецца, у ім больш камфортна знаходзіцца".

Як адзначыў лідар беларускай каманды, "МАЗ-СПОРТаўта" абнавіў і тэхнічны парк. Напрыклад, у "Дакары-2020" будзе новы аўтадом для больш камфортных умоў адпачынку, таксама машына Аляксея Вішнеўскага аснашчана аўтаматычнай каробкай перадач. "Мы не стаім на месцы, пасля кожнай гонкі машыны дапрацоўваюцца. Гатовы заваёўваць лідзіруючыя пазіцыі", - дадаў Сяргей Вязовіч.

На ралі выступяць тры беларускія экіпажы. Лідар каманды Сяргей Вязовіч паедзе на капотным МАЗе разам са штурманам Паўлам Гараніным і механікам Антонам Запарошчанкам. Пілот Аляксандр Васілеўскі - са штурманам Дзмітрыем Віхрэнкам і механікам Віталем Мурылёвым. Яшчэ адзін экіпаж павядзе Аляксей Вішнеўскі, якому складуць кампанію штурман Максім Новікаў і механік Андрэй Невяровіч.

Галоўны ралі-рэйд планеты "Дакар-2020" стартуе 5 студзеня ў горадзе Джыда і завершыцца 17 студзеня ў Кідыі, недалёка ад Эр-Рыяда, сталіцы Саудаўскай Аравіі. Агульная працягласць маршруту складзе звыш 7,8 тыс. км, з якіх 5 тыс. км прыпадуць на спецучасткі. На шляху гоншчыкам будуць сустракацца пясчаныя трасы і ўчасткі з дзюнамі, чакаюцца небяспечныя камяністыя адрэзкі.

На гонку заяўлены 351 баявы экіпаж: 170 матацыклаў і квадрацыклаў, 134 аўтамабілі і багі, 47 грузавікоў.

У 2019 годзе два беларускія экіпажы "МАЗ-СПОРТаўта" завяршылі ралі-рэйд у Перу ў першай дзясятцы лепшых. Сяргей Вязовіч заняў шостае месца, Аляксандр Васілеўскі стаў восьмым. На 11-м радку падагульняючага пратакола завяршыў гонку Аляксей Вішнеўскі.

Першае месца заняў расійскі экіпаж КамАЗа Эдуарда Нікалаева.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі