Сцяг Пятніца, 29 сакавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
05 студзеня 2017, 09:03

Каманда Беларусі перамагла на старце Каляднага турніру зборную ААЭ

5 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Зборная Беларусі перамагла на старце ХІІІ Каляднага міжнароднага турніру аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі сапернікаў з Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў з лікам 7:3 (3:0, 4:1, 0:2), перадае карэспандэнт БЕЛТА.

Абедзве каманды на папярэднім этапе турніру выступаюць у групе А. Хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі ўжо на 2-й мінуце першага перыяду намаганнямі Канстанціна Кальцова павяла ў ліку - 1:0. Галявым хет-трыкам вызначыўся ў матчы гаспадароў пляцоўкі Андрэй Асташэвіч, якому тройчы асісціраваў пры ўзяцці варот Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы стаў аўтарам сёмай шайбы беларускай каманды на 40-й мінуце гульні. У заключныя дваццаць мінут матчу хакеісты ААЭ дзякуючы двум дакладным кідкам змаглі скараціць адставанне ў ліку.

Лепшымі ігракамі праведзенай сустрэчы сталі Амар аль-Шамісі і Андрэй Асташэвіч.

Каманда ААЭ трэці раз удзельнічае ў Калядным турніры. Год таму беларускія хакеісты і лядовая дружына ААЭ сустракаліся таксама на папярэдняй стадыі, перамога ў студзені 2016-га засталася за гаспадарамі - 11:8. Папулярнасць хакея ў ААЭ імкліва расце. Са стварэннем Абу-Дабійскага спартыўнага клуба спаборніцтваў на лёдзе хакеем актыўна цікавіцца моладзь.

У другі дзень спаборніцтваў у групе А згуляюць ААЭ - Швейцарыя (14.00), каманда Прэзідэнта Беларусі сустрэнецца са зборнай Балкан (19.00). У групе В 5 студзеня вызначаць мацнейшых Расія - Фінляндыя (13.00) і Германія - Славакія (17.00).

Калядны міжнародны турнір аматараў хакея на прыз Прэзідэнта Беларусі праводзіцца ў Мінску з 2005 года. У розныя гады ўладальнікам ганаровага трафея дзевяць разоў станавілася каманда Прэзідэнта Беларусі (2005, 2006, 2008, 2009, 2010, 2012, 2013, 2014, 2016). Тройчы поспех святкавала расійская дружына (2007, 2011, 2015).

Арганізатарамі турніру выступаюць Прэзідэнцкі спартыўны клуб, асацыяцыя "Федэрацыя хакея Беларусі", Міністэрства спорту і турызму, Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі