
1 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У аўторак трыма матчамі ў Мінску, Салігорску і Маладзечне прадоўжыўся рэгулярны чэмпіянат беларускай хакейнай экстралігі, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Экс-лідар турнірнай табліцы "Шахцёр" пацярпеў чарговае паражэнне, на гэты раз ад жлобінскага "Металурга". Дзеючыя чэмпіёны краіны двойчы выходзілі ў матчы наперад, але абодва разы "гарнякі" выраўноўвалі лічбы. Аднак, калі "стальныя ваўкі" павялі трэці раз, адказу ў салігорцаў не знайшлося. У выніку 3:2, пераможную шайбу за "Металург" закінуў форвард Яраслаў Сергіеўскі, які паўдзельнічаў ва ўсіх галявых атаках сваёй каманды.
У яшчэ адным процістаянні клубаў з верхняй шасцёркі экстралігі сышліся "Юнацтва" і "Гомель". Зыход матчу вырашыла адзіная шайба, якую ў канцы другога перыяду правёў форвард мінчан Сяргей Дрозд. Дзякуючы гэтаму поспеху "Юнацтва" адарвалося ад "рысяў" на тры ачкі і блізка наблізілася да тройкі лепшых. Таксама ў аўторак "Дынама-Маладзечна" дома атрымала перамогу над аўтсайдарам лігі "Магілёвам" - 6:2.
1 лютага ў беларускай экстралізе таксама адбудуцца тры сустрэчы. Цэнтральны паядынак вечара будзе згуляны ў Гродне, дзе "Нёман", які ўзначальвае табліцу, прыме трэцюю каманду чэмпіянату "Віцебск". Гэты паядынак пачнецца ў 20.00, гадзінай раней стартуюць матчы "Брэст" - "Лакаматыў" і "Ліда" - "Хімік".-0-