
12 студзеня, Брэст /Кар. БЕЛТА/. У Брэсце сёння стартуе Х Міжнародны турнір па плаванні "Калядныя сустрэчы", паведамілі карэспандэнту БЕЛТА ва ўпраўленні спорту і турызму аблвыканкама.
Спаборніцтвы пройдуць у басейне Брэсцкага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па водных відах спорту. Для ўдзелу зарэгістраваліся 264 спартсмены з Брэсцкай вобласці, Мінска і Мінскай вобласці, Віцебска, а таксама расійскага горада Цвер. Гэта выхаванцы вучылішчаў алімпійскага рэзерву, спартыўных школ. Усе яны маюць спартыўныя разрады, каля паўсотні - званне кандыдата ў майстры спорту і двое - майстры спорту.
Турнір разлічаны на тры ўзроставыя групы. Спаборнічаць у скорасці на вадзе будуць юнакі і дзяўчаты 2006 года нараджэння і старэйшыя, 2007-2008 гадоў нараджэння, а таксама хлопчыкі і дзяўчынкі 2009-2010 гадоў нараджэння. Самая малодшая ўзроставая група прадстаўлена найбольшай колькасцю ўдзельнікаў.
"Гэта дадатковыя старты для юных спартсменаў. Яны праводзяцца з мэтай папулярызацыі плавання, набыцця моладдзю спаборніцкага вопыту, для выканання імі спартыўных разрадаў", - адзначыла галоўны сакратар спаборніцтваў, суддзя нацыянальнай катэгорыі Алена Лямачка.
Праграма "Калядных стартаў" разлічана на два дні. Адбудуцца заплывы на дыстанцыі 50 м, 100 м і 200 м стылямі брас і батэрфляй, на спіне і вольным стылем. Кожны спартсмен зможа ўдзельнічаць у чатырох індывідуальных відах праграмы.
Пачатак спаборніцтваў 12 студзеня ў 12.15, 13 студзеня - у 9.50. Галоўны суддзя спаборніцтваў - суддзя нацыянальнай катэгорыі Аляксандр Міхееў. Пераможцаў і прызёраў узнагародзяць медалямі, тых, хто зоймуць першыя месцы на дыстанцыях, - грашовымі прызамі. Усіх удзельнікаў турніру заахвоцяць памятнымі падарункамі.-0-