
6 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Гродне завяршыўся фінал Кубка Беларусі па веласіпедным спорце на шашы, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.
Спаборніцтвы ў Гродне сталі пятым і заключным этапам Кубка краіны, раней у рамках турніру гоншчыкі спаборнічалі ў Брэсце, Мазыры і Гродне (з 8 па 29 красавіка), а таксама ў Віцебску ў чэрвені. Пераможцам апошняй групавой гонкі на 120 км у мужчын стаў Яўген Каралёк, які апярэдзіў на фінішы Сяргея Шаўчэнку і Уладзіміра Гарахавіка. У жаночай гонцы з агульнага старту на 75 км лепшай стала Ганна Церах, услед за якой размясціліся Ангеліна Краско і Ірына Чуянкова. Дзякуючы гэтым перамогам Каралёк і Церах першынствавалі і ў агульным заліку Кубка.
Напярэдадні на фінальным этапе турніру адбыліся індывідуальныя гонкі на 19 км, дзе таксама не было роўных Яўгену Каральку і Ганне Церах. У мужчын другі і трэці рэзультат адпаведна паказалі Кірыл Кавалёў і Аляксандр Сычугоў, сярод жанчын серабро дасталася Ірыне Чуянковай, бронза - у Кацярыны Русак.-0-