Сцяг Панядзелак, 25 лістапада 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
11 кастрычніка 2024, 16:28

"Я марыла аб гэтым". Смольская аб першых спаборніцтвах на свае прызы ў Чавусах

11 кастрычніка, Магілёў /Кар. БЕЛТА/. Аб мары правесці спаборніцтвы на свае прызы расказала алімпійская чэмпіёнка залатой эстафетнай гонкі ў Пхёнчхане Дзінара Смольская (Алімбекава) пасля старту адкрытага першынства Магілёўскай вобласці па летнім біятлоне ў Чавусах, перадае карэспандэнт БЕЛТА.

"Сёння для мяне вельмі важны дзень, таму я знаходжуся ў вялікім хваляванні, - падзялілася чэмпіёнка. - Мяне вельмі цёпла сустрэлі на роднай спартыўнай базе ў Чавусах, і гэта прыемна. Я марыла правесці спаборніцтвы на свае прызы, і гэта даніна ўдзячнасці гэтаму спарткомплексу і роднаму гораду з тое, што вырасцілі мяне як чалавека і спартсмена, які дабіўся высокіх рэзультатаў. Хочацца, каб на гэтых гонках трэнеры заўважылі будучых зорачак вялікага біятлона".

Спартсменка прызналася, што раней у яе не было часу арганізаваць такое вялікае спартыўнае свята, паколькі ўсе сілы і час ішлі на падрыхтоўку да міжнародных стартаў і саміх выступленняў. "Міжнародны сезон, рэспубліканскія спаборніцтвы, цяжарнасць - не было свабоднага часу, каб правесці гэту гонку, - сказала яна. - Цяпер магчымасць з'явілася. Я прыдумала добрыя прызы для дзяцей, зрабіла дызайнерскія медалі. Думаю, кожнае дзіця, якое іх атрымае, запомніць гэты момант на ўсё жыццё".

Дзінара падкрэсліла, што час ідзе і ўмовы для трэніроўкі юных біятланістаў сёння намнога лепшыя, чым у яе час. "Гэта добрая магчымасць для дзяцей камфортна трэніравацца і паказваць дастойныя рэзультаты, - падкрэсліла яна. - Сёння важна прывіць дзіцяці любоў да спорту, як у свой час гэта зрабіла мой трэнер Марыя Іванаўна Шыпікава. Мы з радасцю беглі да яе пасля вучобы, разам з іншымі дзецьмі не хацелі ісці з яе трэніровак. Да гэтага часу памятаю яе чай з пячэннем - было вельмі душэўна і добра. І гэта самае галоўнае для першага трэнера. Потым пайшлі сур'ёзныя трэніроўкі, і там ужо было не да чаю".

Алімпійская чэмпіёнка таксама шмат сустракаецца з юнымі біятланістамі і імкнецца перадаць ім свой вопыт. "Хочацца сваім прыкладам паказаць ім, што ўсё магчыма, галоўнае - мэты, мары і жаданні, - адзначае яна. - Я ж сама - дзяўчына, якая пражыла ўсё дзяцінства ў вёсцы і ўсё роўна прабілася, не маючы супермагчымасцей. Таму важна падтрымліваць маладых, узаемадзейнічаць з імі. Тым больш дзеці з Магілёўскай вобласці на рэспубліцы паказваюць нядрэнныя рэзультаты. Вялікі дзякуй усім, хто ў гэтым дапамагае і стварае ўмовы для іх прафесійнага росту".

Паводле слоў Дзінары Смольскай, яна прыйшла ўжо ў форму пасля нараджэння год таму дзіцяці (летнія гонкі ў Краснаярску гэта паказалі) і плённа рыхтуецца да сезона. "Цяпер адказны перыяд - літаральна заўтра пачнецца збор у Раўбічах, дзе мяне чакаюць сур'ёзныя тэсты, - падкрэсліла яна. - Будуць падведзены вынікі летняй падрыхтоўкі, і ўжо менш як праз два тыдні мы адпраўляемся на першы зборны снег і будзем удзельнічаць у спаборніцтвах. Вядома, да піка формы пасля дэкрэта мне яшчэ далёка, хочацца выйсці на яго да Алімпійскіх гульняў. І я да гэтага імкнуся".

Першынство на прызы чэмпіёнкі арганізавана сярод юнакоў і дзяўчат 2008-2013 гадоў нараджэння ўпершыню. У праграме - гладкая гонка без стральбы і гонка са стральбой па ўзростах, дуэльная стральба старэйшай групы з удзелам Дзінары Смольскай, выпускніцы чавускай школы і алімпійскай чэмпіёнкі залатой эстафетнай гонкі ў Пхёнчхане-2018. Пасля стартаў адбудзецца аўтограф-сесія спартсменкі і яе мужа Антона Смольскага, сярэбранага прызёра па біятлоне Гульняў у Пекіне 2022 года, а таксама іншых знакамітых спартсменаў - Дзмітрыя Лазоўскага і Сцяпана Данілава.-0-
Фота Алега Файніцкага
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі