Сцяг Чацвер, 25 красавіка 2024
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
18 студзеня 2022, 11:16

Іспанія, Расія, Нарвегія, Данія, Чарнагорыя, Швецыя, Францыя і Харватыя выйшлі ў 2-і этап ЧЕ па гандболе

18 студзеня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. На мужчынскім чэмпіянаце Еўропы па гандболе, які праходзіць у Венгрыі і Славакіі, вызначыліся чарговыя ўдзельнікі асноўнага этапу, паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Дзеючыя чэмпіёны кантынента гандбалісты Іспаніі, якія выступаюць у папярэдняй групе Е, атрымалі трэцюю вікторыю, абыграўшы ў заключным туры каманду Босніі і Герцагавіны з лікам 28:24. Уладальнікамі другога пропуска ў наступны раўнд сталі гандбалісты зборнай Швецыі, якія згулялі ўнічыю з Чэхіяй - 27:27. Падагульняючае становішча каманд: Іспанія - 6 ачкоў, Швецыя - 3, Чэхія - 3, Боснія і Герцагавіна - 0.

У квартэце F расійскія гандбалісты разграмілі сапернікаў са Славакіі - 36:27. Нарвежцы перайгралі літоўцаў з лікам 35:29. Падагульняючае становішча каманд: Расія - 6, Нарвегія - 4, Славакія - 2, Літва - 0.

У групе С зборная Украіны пацярпела трэцяе паражэнне, уступіўшы камандзе Харватыі з рэзультатам 25:38. Французскія гандбалісты перамаглі сербаў - 29:25. Падагульняючае становішча каманд: Францыя - 6, Харватыя - 4, Сербія - 2, Украіна - 0.

У групе А датчане абыгралі паўночнамакедонцаў - 31:21, а чарнагорцы былі мацнейшыя за славенцаў - 33:32. Падагульняючае становішча каманд: Данія - 6, Чарнагорыя - 4, Славенія - 2, Паўночная Македонія - 0.

Яшчэ ў двух папярэдніх квартэтах сустрэчы 3-га тура пройдуць сёння. Зборная Беларусі ў Браціславе згуляе з аўстрыйскай камандай, прычым для абодвух сапернікаў рэзультат гэтага матчу не мае прынцыповага турнірнага значэння - пасля двух паражэнняў запар яны страцілі шанцы на прадаўжэнне барацьбы за ўзнагароды. Беларусы спачатку ўступілі немцам - 29:33, а потым прайгралі палякам - 20:29. Аўстрыйцы пацярпелі паражэнні ад палякаў - 31:36 і немцаў - 34:29. Заўтра фаварыты групы D зборныя Германіі і Польшчы вызначаць пераможца. Становішча каманд пасля двух тураў: Германія - 4 ачкі, Польшча - 4, Беларусь - 0, Аўстрыя - 0. Таксама заўтра гандбалісты Венгрыі сустрэнуцца ў Будапешце з лідарам квартэта В камандай Ісландыі, а партугальцы будуць сапернічаць са зборнай Нідэрландаў. Становішча каманд: Ісландыя - 4, Венгрыя - 2, Нідэрланды - 2, Партугалія - 0.

Пасля завяршэння першай стадыі ў асноўны этап ЧЕ выйдуць па дзве лепшыя каманды з шасці папярэдніх груп. Потым 12 зборных будуць падзелены на дзве шасцёркі, з якіх у паўфінал трапяць па дзве лепшыя дружыны. Сустрэчы другога раўнда пройдуць з 20 па 26 студзеня ў Браціславе і Будапешце, паўфіналы намечаны на 28 студзеня, вырашальны паядынак за чэмпіёнскі тытул і матч за бронзавыя ўзнагароды адбудуцца 30 студзеня ў Будапешце.

На мінулым чэмпіянаце Еўропы, які праходзіў у 2020 годзе на пляцоўках Аўстрыі, Нарвегіі і Швецыі, сваё другое запар золата заваявалі гандбалісты Іспаніі, якія перамаглі ў фінале харватаў з лікам 22:20. Уладальнікамі бронзы сталі нарвежцы, якія разграмілі ў матчы за 3-е месца славенцаў - 28:20. Два гады таму зборная Беларусі выйшла ў асноўны этап, але прабіцца ў паўфінал не змагла, заняўшы 10-е падагульняючае месца. Усяго беларускія гандбалісты 6 разоў гулялі ў фінальных турнірах кантынентальнага першынства, іх лепшым вынікам стала 8-е месца ў 1994 годзе на ЧЕ ў Партугаліі з удзелам 12 каманд. Зборная Швецыі 4 разы станавілася чэмпіёнам Еўропы, у французаў на адзін тытул менш, па два разы лепшымі ў Старым Свеце былі каманды Даніі, Германіі і Іспаніі, аднойчы золата заваявалі расіяне.-0-

Падпісвайцеся на нас у
Twitter
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі