
12 студзеня, Віцебск /Кар. БЕЛТА/. Дабрачынны хакейны матч "Добры лёд" у падтрымку Віцебскага абласнога спецыялізаванага дома дзіцяці адбудзецца ў Лядовым палацы 12 студзеня. Аб гэтым карэспандэнту БЕЛТА паведамілі ў адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска.
Сустрэчу на лёдзе правядуць каманды фарм-клуба і юніёраў ХК "Віцебск". У перапынках паміж перыядамі балельшчыкі змогуць зрабіць фота з ігракамі і стаць удзельнікамі розыгрышу майкі з аўтографамі хакеістаў. Уваход на матч, які пройдзе пад дэвізам "Вер у перамогу - гуляй з дабром!", свабодны, але кожны жадаючы зможа ўнесці свой уклад у агульную справу, купіўшы білет. Грошы ад продажу накіруюць на набыццё лесвічнага гусенічнага пад'ёмніка для абласнога спецыялізаванага дома дзіцяці.
"Добрая традыцыя ў нашым раёне - штогод завяршаць акцыю "Нашы дзеці" дабрачынным хакейным матчам. Дапамогу дому дзіцяці мы аказваем на пастаяннай аснове і сёння прадаўжаем добрыя справы. Прыемна, што да іх далучаюцца і камерцыйныя арганізацыі, з радасцю адгукаючыся на наша запрашэнне стаць удзельнікамі, партнёрамі дабрачыннага матчу", - сказала намеснік кіраўніка адміністрацыі Першамайскага раёна Віцебска Таццяна Лазуркіна.
За гадзіну да гульні, у 17.00, у Лядовым палацы пачнуць работу інтэрактыўныя пляцоўкі раённага ТЦСАН, аддзела па адукацыі, БРСМ, гарадскога аддзела МНС, СДЮШАР нумар 1 абласнога цэнтра, Дзіцячай школы мастацтваў нумар 3 г. Віцебска "Маладзік". Наведвальнікаў чакаюць навуковае і хімік-шоу ад партнёраў праекта. За атмасферу вечара будуць адказваць і творчыя калектывы. Любы жадаючы зможа зрабіць сувенір на майстар-класах па выцінанцы, вырабе ёлачных цацак і віншавальных паштовак да старога Новага года, а таксама здымкі на памяць у арыгінальнай фотазоне.
Адкрыццё дабрачыннага хакейнага матчу "Добры лёд" запланавана 12 студзеня ў 18.00.-0-