Сцяг Серада, 21 мая 2025
Усе навіны
Усе навіны
Спорт
22 лютага 2025, 14:04

Хакейная каманда Прэзідэнта выйграла шосты матч у РХЛ 

22 лютага, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Хакейная каманда Прэзідэнта Беларусі выйграла шосты паядынак у рэгулярным сезоне Рэспубліканскай хакейнай лігі (РХЛ), паведамляе карэспандэнт БЕЛТА.

Сёння на лёдзе "Алімпік-Арэны" ў Мінску дружына кіраўніка дзяржавы перамагла каманду Магілёўскай вобласці з рэзультатам 8:7 (4:2, 3:1, 1:4).

Заключны матч першага этапу лідары турніру пачалі ў сваім фірменным атакуючым стылі і адразу захапілі ініцыятыву. Не прайшло і пяці мінут, як Аляксей Шантыка пасля дакладных перадач Мікалая Лукашэнкі і Максіма Парфеяўца адкрыў лік, потым Андрэй Антонаў падвоіў перавагу гаспадароў, а затым Шантыка закінуў сваю другую шайбу. Пасля гэтага магіляўчане сталі дзейнічаць актыўней і ў хуткім часе Мікіта Сомаў адыграў адзін гол, але тут жа сваю пятую шайбу ў гэтым турніры закінуў яго лепшы бамбардзір Андрэй Касціцын, асістэнтамі якога былі Аляксандр Лукашэнка і Андрэй Башко. Перад самым перапынкам Леанід Альхоўскі другі раз паразіў вароты прэзідэнцкай дружыны. У пачатку другога перыяду яго таварыш па камандзе Сяргей Зубараў скараціў разрыў да мінімуму, аднак адразу ж двойчы запар вызначыўся Павел Волчак, а потым яго поспех падтрымаў Максім Парфеявец, зрабіўшы лік 7:3 на карысць гаспадароў. У заключнай трэці матчу магіляўчане кінуліся ў пагоню і за тры мінуты да фінальнай сірэны блізка падабраліся да сапернікаў. У складзе гасцей яшчэ дзве шайбы закінуў Мікіта Сомаў, яшчэ па голу ў свой актыў запісалі Мацвей Вінкевіч і Андрэй Саўчанка, але ўсё ж дагнаць лідара ім не ўдалося. Пераможцы адказалі дакладным кідком Алега Антоненкі - 8:7.

Лепшымі ігракамі сённяшняй сустрэчы прызнаны Максім Парфеявец і Мікіта Сомаў. Прызы ім уручыла сярэбраны медаліст Алімпійскіх гульняў, шматразовы прызёр чэмпіянатаў свету і Еўропы па мастацкай гімнастыцы Іна Жукава.

Па традыцыі, што даўно склалася, у перапынках хакейнага матчу ў "Алімпік-Арэне" шматлікія балельшчыкі ўбачылі выступленні беларускіх выканаўцаў, прынялі ўдзел у конкурсах на лядовай пляцоўцы, а пасля завяршэння гульні сталі ўладальнікамі мяккіх цацак ад прэзідэнцкай каманды.

У першым туры дружына кіраўніка дзяржавы перамагла ў Мінску хакеістаў Гродзенскай вобласці (10:3), затым выйграла ў Жлобіне ў каманды Гомельскай вобласці (5:2), затым зноў у Мінску перамагла сапернікаў з Брэсцкай вобласці (8:2), Віцебскай вобласці (10:4) і Мінскай вобласці (3:2). Пасля шасці праведзеных сустрэч у прэзідэнцкай каманды 12 ачкоў з 12 магчымых. Бамбардзірскую гонку ўзначальвае Андрэй Касціцын, у якога 16 балаў - 5 шайбаў і 11 рэзультатыўных перадач.

У фінальнай серыі мінулага аматарскага турніру лядовая дружына Прэзідэнта двойчы перамагла хакеістаў Мінскай вобласці - 5:2 і 10:8 - і 15-ы раз стала пераможцам гэтых спаборніцтваў. Па аднаму тытулу ў каманд Гомельскай і Мінскай абласцей.

Арганізатары хакейнага аматарскага турніру - Прэзідэнцкі спартыўны клуб, Міністэрства спорту і турызму і Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт.-0-Фота Сяргея Шэлега, Яна Гарбанюка
Падпісвайцеся на нас у
X
Топ-навіны
Свежыя навіны Беларусі